2015-09-24 11:04:00

Папа да біскупаў ЗША: не – нарцысцызму і ізаляванасці


Францішак сустрэўся 23 верасня 2015 г. вечарам у вашынгтонскай катэдры св. Мацвея з епіскапатам ЗША. Ён казаў пра небяспеку нарцысцызма і ізаляванасці ад вернікаў, неабходнасць дыялогу на ўзроўні супольнасцяў, вольнага ад страху. Толькі гэта, на думку Папы, можа будаваць адзінства ў Касцёле. Святы Айцец заклікаў біскупаў клапаціцца пра святароў: “Чувайце, каб вашы святары нястомна паўставалі, каб адказаць тым, хто стукае ўначы, нават тады, калі мы лічым, што маем права на адпачынак”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што да тоеснасці біскупа належыць трывалая малітва, абвяшчэнне Божага слова і пастырскае служэнне. “Чувайце, каб статак заўсёды сустракаў у сэрцы пастыра тыя рэсурсы вечнасці, якія ён надарэмна шукае ў рэчах гэтага свету”, - заклікаў ён.

Святы Айцец перасцярог іерархаў ад з’явы лідэрскай дальназоркасці, у якой чалавек больш разлічвае на свае ўласныя сіл, чым на Бога. “Гора нам, калі мы зробім з крыжа сцяг мірской барацьбы, забываючыся, што ўмовай трывалай перамогі з’яўляецца згода на раны і прыніжэнне”, - сказаў ён і дадаў, што лекам супраць гэтых спакус з’яўляецца культура сустрэчы. Папа заклікаў да дыялогу, свабоднага ад страху, і пакоры, якая дапамагае зразумець іншага чалавека. Ён падкрэсліў, што “не згодны з тым, каб вострая і ваяўнічая мова сыходзіла з вуснаў пастыра”. “Свет ужо настолькі разарваны і падзелены, рашчапленне адбываецца ўсюды, таму Касцёл – “непадзельная туніка Пана” не можа даць разарваць сябе, стаць фракцыяй або прадметам спрэчкі”, - сказаў Францішак.

Гаворачы аб святарскім адзінстве, Папа спаслаўся на Год Міласэрнасці, які праз два с паловай месяцы пачнецца ў Касцёле, і пажадаў, каб ён стаў нагодай да ўзмацнення зносін, адзінства, прымірэння і даравання. Францішак падкрэсліў, што жывая камунія Касцёла стане вырашэннем праблем сучаснасці.

Пантыфік нагадаў, што біскупы павінны пастаянна суправаджаць людзей, давераных іх апецы, але таксама клапаціцца пра сваіх святароў. “Таму, калі ласка, не дазваляйце ім пагаджацца на паўмеры, клапаціцеся аб іх духоўных крыніцах, каб не трапілі ў спакусу быцця натарыусамі і чыноўнікамі, але былі выразам мацярынства Касцёла, які нараджае і выхоўвае сваіх дзяцей”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне прамовы ён падзякаваў епіскапату ЗША за шчодрасць і салідарнасць у справе евангелізацыі, прыхільнасць сям’і і дапамогу ў прыёме і інтэграцыі імігрантаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.