2015-09-24 12:21:00

Пантыфік нечакана завітаў да вашынгтонскіх законніц


23 верасня 2015 г. пасля ўрачыстасці кананізацыі Хуніпера Сьеры ў нацыянальным санктуарыі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вашынгтоне, Францішак нечакана наведаў дом Малых Сясцёр Бедных. Аб гэтым заявіў ужо пасля візіту кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён паведаміў, што Папа спыніўся на 15 хвілін у капліцы сясцёр, каб паразмаўляць з імі і выказаць падтрымку ў іх прававой барацьбе у рамках так званай “Obamascare”. У гэтым пазапланавым спатканні таксама прыняў удзел іх адвакат.

З 2013 г. законніцы ўдзельнічаюць у прававой спрэчцы з урадам, паколькі рэалізаваная ім Рэформа аховы здароўя і абароны пацыентаў, вядомая як “Obamascare”, прымусіла, сярод іншага, супрацоўнікаў касцёльных устаноў да выканання медыцынскіх паслуг, якія супярэчаць іх сумленню і перакананням, а таксама вучэнню Каталіцкага Касцёла.

З выказвання кс. Ламбардзі вынікае, што Святы Айцец падчас кароткай сустрэчы не ўваходзіў падрабязна ў прававыя аспекты спрэчкі. Пасля размовы з кожнай з сясцёр ён падкрэсліў важнасць іх служэння, асабліва догляду за людзьмі ў сталым узросце.








All the contents on this site are copyrighted ©.