2015-09-23 12:44:00

Францішак правёў прэс-канферэнцыю ў самалёце


22 верасня 2015 г. Святы Айцец правёў імправізаваную прэс-канферэнцыю на борце самалёта на шляху з Сант’яга-дэ-Куба ў Вашынгтон. Ён пракаментаваў сваё сацыяльнае навучанне. “Я ўпэўнены, што ніколі не сказаў нічога, акрамя таго, што змяшчаецца ў сацыяльным навучанні Касцёла”, - адзначыў Францішак. “Я грунтуюся на навучанні Касцёла і не думаю, што ў гэтым дачыненні зрабіў памылку”, - дадаў ён.

Папу таксама спыталі пра эканамічнае эмбарга ЗША супраць Кубы. Ён адзначыў, што сацыяльная дактрына Касцёла крытычна ставіцца да любога эканамічнага эмбарга, асабліва, калі яно доўжыцца шмат гадоў, з-за яго негатыўнага ўздзеяння на бедныя слаі насельніцтва. Ён, аднак, дадаў, што не збіраецца закранаць пытанне кубінскай эмбарга ў прамове ў Кангрэсе ЗША. Там Пантыфік будзе казаць наогул пра важнасць двухбаковых пагадненняў для садзейнічання прагрэсу, міру і агульнаму дабру. “Праблема эмбарга з’яўляецца часткай перамоў. Гэта было апублікавана. Абодва Прэзідэнты казалі аб гэтым. Гэта частка цяперашняга шляху да добрых адносін”, - сказаў Францішак. Ён выказаў сваё жаданне, каб перамовы завяршыліся паспяхова, дамовай, задавальняючай абодва бакі.

Святы Айцец прызнаў, што візіт на Кубу стаў магчымым дзякуючы “шэрагу супадзенняў”. Ён спадзяваўся, што шлях у Злучаныя Штаты будзе пралягаць праз мексіканскі горад Сьюдад-Хуарэс. Але ўсё змянілася, калі Прэзідэнт Кубы Рауль Кастра і Прэзідэнт ЗША Барак Абама дамовіліся пачаць перамовы аб нармалізацыі адносін.

Журналісты пыталі Пантыфіка, чаму ён не сустрэўся з кубінскай апазіцыяй. Францішак паведаміў, што не было прадугледжана ніякіх прыватных сустрэч у нунцыятуры, нават з кіраўнікамі іншых дзяржаў. Тым не менш, прадстаўнікі апазіцыі былі запрошаны у катэдральны касцёл, каб магчы сустрэцца са Святым Айцом. “Я вітаў там шмат людзей, але ніхто не прадставіўся як дысідэнт”, - прызнаўся ён.

Іншае пытанне датычыла сустрэчы Папы з Фідэлем Кастра, і асабліва, ці Кастра выказаў шкадаванне з-за жорсткага абыходжання з Каталіцкім Касцёлам. Францішак адказаў, што раскаянне гэта нешта вельмі асабістае, звязанае з сумленнем. Ён прызнаўся, што падчас рамовы з былым кіраўніком Кубы гаворка ішла пра езуітаў, якіх той ведаў як вучань езуіцкай школы, пра тое, наколькі сур’ёзнай працы яны патрабавалі ад сваіх студэнтаў. Асаблівае месца ў размове заняла новая энцыкліка Францішка, таму што Кастра вельмі зацікаўлены пытаннямі экалогіі. Пантыфік дадаў, што не было гаворкі пра мінулае, з выключэннем досведу езуіцкай школы.








All the contents on this site are copyrighted ©.