2015-09-23 14:26:00

Сусветная сустрэча сем’яў распачалася ў Філадэльфіі


22 верасня 2015 г. у Філадэльфіі св. Імшой распачалася VIII Сусветная сустрэча сем’яў. Яе канцэлебравалі больш за сто кардыналаў і біскупаў з усяго свету. Беларускі епіскапат на форуме прадстаўляе Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Раней у “Philadelphia Convention Center” адбылася афіцыйная цырымонія з удзелам арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, старшыні Папскай рады па справах сям’і, гарадскіх уладаў і больш за 17 тыс. удзельнікаў Кангрэсу сем’яў, які суправаджае Сустрэчу.

Арцыбіскуп Палья выказаў надзею на тое, што сем’і, прысутныя ў Філадэльфіі, выклікаюць новы энтузіязм, каб людзі зразумелі, што сужэнства і заснаванне сям’і нашмат лепшае, чым адасобленае жыццё, кар’ера і грошы.
 
VIII Сусветная сустрэча сем’яў праводзяцца пад дэвізам “Любоў – наша місія. Сям’я – поўня жыцця”. У яго рамках адбываецца 4-дзённы Кангрэс сем'яў з удзелам сужонкаў з больш чым 100 краін, якія ўдзельнічаюць у лекцыях, дыскусіях і сумеснай малітве.

На заканчэнне Сустрэчы ў Філадэльфію прыбудзе папа Францішак, які меў 27 верасня ўзначаліць св. Імшу на яе закрыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.