2015-09-23 11:14:00

Дадзены старт гістарычнаму візіту Папы ў ЗША


22 верасня 2015 г. у 15.50 па мясцовым часе (22.50 па беларускім) самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” A330 са Святым Айцом на борце, пасля 2171 км шляху ад Сант’яга-дэ-Куба, прызямліўся на авіябазе “Andrews” у Вашынгтоне. Тут спыняюцца самалёты Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі.

На лётным полі ганаровая варта арміі ЗША трымала сцягі Ватыкана і ЗША. Самалёт спыніўся перад VIP-залай. На яго борт, каб павітаць Святога Айца, увайшлі Апостальскі нунцый у Злучаных Штатах, арцыбіскуп Карла Марыя Вігано, і кіраўнік пратакольнага аддзела Дзяржаўнага дэпартамента Пітэр Сэлфрыдж. Ля трапа самалёта Францішка сустрэлі Прэзідэнт ЗША Барак Абама з жонкай Мішэль і дочкамі, а таксама віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн з сям’ёй. Папа прывітаў кіраўніцтва епіскапату ЗША на чале з яго старшынёй арцыбіскупам Джозэфам Курцам. Затым група дзяцей уручыла яму кветкі. З энтузіязмам віталі Наступніка св. Пятра сабраныя на авіябазе вернікі, часта гучала іспанская мова.

Пантыфік з Прэзідэнтам прайшлі ў VIP-залу, дзе затрымаліся на некалькі хвілін для прыватнай гутаркі.

Пасля гэтага кароткай неафіцыйнай цырымоніі прывітання, Святы Айцец адправіўся невялікім “Fiat 500L” у Апостальскую нунцыятуру ў Вашынгтоне, якая стане для яго месцам жыхарства падчас знаходжання ў горадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.