2015-09-22 14:47:00

СМІ Лацінскай Амерыкі каментуюць візіт Папы на Кубу


СМІ ў Лацінскай Амерыцы з цікавасцю сочаць за візітам Папы на Кубу. У цэнтры ўвагі – гамілія, у якой Францішак казаў пра беднасць, сустрэча з лідэрам кубінскай рэвалюцыі Фідэлем Кастра і арышт дысідэнтаў.

Пра размову з Фідэлем Кастра шырока піша орган Камуністычнай партыі Кубы “Granma”. Газета публікуе фатаграфію Папы разам з былым кіраўніком дзяржавы.

У незалежных кубінскіх СМІ пераважаюць словы крытыкі з-за арыштаў дысідэнтаў перад візітам Папы. “Diario de Cuba”, якая выдаецца ў Мадрыдзе, на першай старонцы змясціла папскі заклік да пошуку таго, што агульнае. “Папа кажа маладым людзям, што яны павінны супрацоўнічаць паміж сабой, нават калі думаюць па-рознаму!”, - падкрэсліваецца ў газеце.

“El Nuevo Herald”, якая выпускаецца ў Маямі, “сталіцы” кубінскіх эмігрантаў, адзначае, што Францішак у адзін дзень сустрэўся з двума братамі Кастра. Іншая газета, што выдаецца у Маямі, “Diario las Americas” напісала, што падчас руху папамабілю паліцыя не дазволіла кантактаваць з Папам людзям, якія маглі б нанесці шкоду “іміджу рэжыму”.

Аргентынская “Clarin” спаслалася на прамову Святога Айца пра беднасць і рэкамендавала Крысціне Кіршнер: “Вучыцеся, спадарыня Прэзідэнт!”, намякаючы на сціпласць.

Калумбійскія СМІ сканцэнтраваліся ў асноўным на закліку Папы да мірнага працэсу паміж урадам і партызанскай групоўкай “FARC”.








All the contents on this site are copyrighted ©.