2015-09-21 12:52:00

Папа да духавенства Кубы аб беднасці і міласэрнасці


Папа Францішак заклікаў кубінскае духавенства даваць сведчанне беднасці і міласэрнасці. Святы Айцец сустрэўся з яго прадстаўнікамі 20 верасня 2015 г. у катэдральным касцёле Гаваны. Да сабраных Пантыфік звярнуўся экспромтам.

Беднасць – гэта нязручнае слова, падкрэсліў ён. Марны свет пагарджае ёй і не жадае на яе глядзець. Яму не падабаецца шлях Езуса Хрыста, які прынізіў сябе і пазбавіўся ўсяго, каб стаць адным з нас. Багаты юнак ў Евангеллі захоўваў усе прыказанні, але баяўся беднасці і адышоў ад Пана засмучаным, нагадаў Папа.

Паводле Францішка, неабходна ўмець кіраваць матэрыяльнай маёмасцю, але калі гэтыя даброты ўваходзяць у сэрца і пачынаюць кіраваць жыццём чалавека, яно губляе своё сэнс. “Марнасць знішчыла многія душы”, - дадаў Святы Айцец. На падабенсва евангельскага юнака, шчодрыя душы пачыналі добра, але затым паддаліся марнасці і закончылі кепска, вядучы шэрае, безрадаснае і пасрэднае жыццё. Яны згубілі любоў, таму што багацце робіць беднымі. Яно пазбаўляе лепшага з таго, што мае чалавек, падкрэсліў Пантыфік.

“Адзін стары мудры святар сказаў мне: калі дух багацця ўваходзіць у сэрца законніка, законніцы, святара, біскупа ці Папы, калі яны пачынаюць збіраць сродкі, каб забяспечыць будучыню, тады іх будучыня не ў Хрысце: яны спадзяюцца на свайго роду “страхавую кампанію духоўнага характару”, якой самі і кіруюць. Таму, калі, напрыклад, якая-небудзь манаская супольнасць пачынае збіраць грошы, то Бог настолькі добры, што пасылае да іх няздатнага эканома, які прыводзіць да правалу гэту задуму. Такія няздатныя эканомы з’яўляюцца лепшым благаслаўленнем Бога для Яго Касцёла, таму што робяць Яго свабодным, робяць Яго бедным”, - сказаў Папа.

Францішак таксама заклікаў кубінскае духавенства працягваць служыць самым слабым, бедным і хворым. “Калі нехта ў сваім сэрца аддае перавагу самаму малому, самаму адрынутаму, самаму хвораму, аб якім ніхто не клапоціцца, то ён служыць Езусу найлепшым чынам”, - сказаў Пантыфік.

Папа таксама нагадаў святарам аб важнасці быцця міласэрнымі ў канфесіянале. “Калі чалавек паказвае свае пакуты, не карай яго. Першы камень у яго можаш кінуць, калі ў цябе няма граху, толькі пры такой умове”, адзначыў Святы Айцец і заклікаў святароў не стамляцца прабачаць людзей і быць міласэрнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.