2015-09-20 11:41:00

Францішак да журналістаў: будзьце будаўнікамі мастоў


Падчас пералёту з Рыма ў Гавану Святы Айцец прывітаў журналістаў, якія суправаджалі яго на борце самалёта. Ён падкрэсліў, што Апостальскае пажадарожжа на Кубу і ў ЗША, з’яўляецца самым доўгім за час яго пантыфікату – на дзень даўжэйшае за падарожжа ў Бразілію, якое адбылося ў 2013 г. з нагоды Сусветных дзён моладзі.

У сваім кароткім звароце Францішак казаў аб важнасці будавання міру ў сённяшнім свеце. “Я думаю, што сёння свет згаладаўся па міру”, - сказаў ён і нагадаў аб тысячах мігрантаў, якія ўцякаюць ад вайны і смерці ў пошуку жыцця. Святы Айцец прызнаўся, што быў глыбока ўзрушаны сустрэчай з сям’ёй сірыйскіх бежанцаў, якіх прыняла ватыканская парафія св. Ганны. Ён меў магчымасць прывітаць гэтых мігрантаў напярэдадні свайго ад’езду ў аэрапорт. “У іх абліччах быў бачны боль”, - сказаў Папа. Пантыфік заклікаў журналістаў праз выкананне сваёй працы будаваць масты: маленькія масты, якія разам складаюць адзін вялікі мост міру.

Падчас пералёту Святога Айца суправаджалі 76 журналістаў з розных краін свету. З іх каля 20 прадстаўлялі амерыканскі СМІ. Папу суправаджала таксама адна журналістка з Кубы.








All the contents on this site are copyrighted ©.