2015-09-20 14:45:00

Святы Айцец памаліўся аб прымірэнні ў Калумбіі


Перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване папа Францішак памаліўся аб плённым заканчэнні мірных перамоваў паміж бакамі грамадзянскага канфлікту ў Калумбіі. “Няхай кроў тысяч нявінных людзей, пралітая на працягу дзесяцігоддзяў узброенага канфлікту, злучаная з крывёю Езуса Хрыста на Крыжы, падтрымае ўсе намаганні, якія прыкладаюцца, таксама і на гэтым цудоўным востраве, для канчатковага прымірэння”, - заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў, каб “дзякуючы волі ўсіх калумбійцаў доўгая ноч болю і насілля магла перамяніцца ў дзень, у які не зойдзе згода, справядлівасць, братэрства і любоў” і наступіў трывалы мір пры павазе да дзяржаўных інстытутаў, а таксама нацыянальнага і міжнароднага права. “Калі ласка, мы не можам дапусіць іншага правалу на гэтым шляху да міру і згоды”, - сказаў папа Францішак.

Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца за тых, хто згубіў надзею, не знаходзіць прычын для далейшай барацьбы, пакутуе ад несправядлівасці, пакінутасці і адзіноты; маліцца за пажылых людзей, дзяцей, моладзь і сем’і, якія перажываюць цяжкасці, каб Панна Марыя асушыла іх слёзы, суцешыла сваёй матчынай любоўю і вярнула ім надзею і радасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.