2015-09-20 09:44:00

Папа ў аэрапорце Гаваны: мір, свабода і сяброўства


Папа Францішак прыбыў на Кубу – у першы пункт свайго дзесятага Апостальскага падарожжа, якое праз некалькі дзён працягнецца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Падчас афіцыйнай цырымоніі прывітання ў міжнародным аэрапорце “Jose Marti” Пантыфік скіраваў свае цёплыя словы ўсім кубінцам, таксама і тым, “якія раскінуты па свеце”. Ён падзякаваў Прэзідэнту Кубы Раулю Кастра за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай пілігрымкі і папрасіў пераказаць яго брату Фідэлю “пачуцці шчырай павагі і пашаны”.

Святы Айцец нагадаў, што сёлета “адзначаецца 80-я гадавіна ўстанаўлення бесперапынных дыпламатычных адносін” паміж Кубай і Апостальскай Сталіцай, а таксама пра “незабыўныя” візіты на востраў сваіх папярэднікаў: св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI. “Я ведаю, што ўспамін аб іх абуджае ўдзячнасць і любоў у народа і ўладаў Кубы”, - сказаў Папа. “Зараз мы жадаем аднавіць гэтыя сувязі супрацоўніцтва і сяброўства, каб Касцёл надалей спадарожнічаў і ўмацоўваў кубінскі народ у яго надзеях і турботах, ў свабодзе і з усімі неабходнымі сродкамі для нясення паслання аб Валадарстве аж да экзістэнцыяльных перыферый грамадства”.

Францішак заўважыў, што яго Апостальскае падарожжа супала з сотай гадавінай абвяшчэння Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ Апякункай Кубы. “У гэтыя дні я буду мець магчымасць прыбыць у Эль Кобрэ як сын і пілігрым, каб прасіць нашу Маці за ўсіх яе кубінскіх дзяцей і за гэту ўмілаваную краіну, каб крочыла шляхамі справядлівасці, міру, свабоды і еднасці”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, улічваючы геаграфічнае месцазнаходжанне Кубы, яе можна лічыць “ключом” паміж Поўначам і Поўднем, Захадам і Усходам. “Натуральнае пакліканне” Кубы заключаецца ў тым, каб быць “месцам сустрэчы, каб усе людзі прыходзілі да сяброўства”, адзначыў ён і нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ, каб “Куба, з усімі сваімі цудоўнымі магчымасцямі, адкрылася на свет і каб свет адкрыўся на Кубу”.

Каментуючы нармалізацыю адносін паміж Кубай і ЗША, Святы Айцец падкрэсліў, што гэта з’яўляецца знакам перамогі культуры сустрэчы і дыялогу над культурай канфрантацыі. Ён заклікаў палітычных лідэраў “працягваць крочыць гэтым шляхам і працаваць на карысць міру і дабрабыту сваіх народаў, усёй Амерыкі, і ў якасці прыкладу прымірэння для ўсяго свету”.








All the contents on this site are copyrighted ©.