2015-09-19 10:01:00

Ватыканскі дыпламат: візіт Папы ў ААН – гістарычны


Гістарычны візіт, які пакіне глыбокія сляды – так арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, ахарактарызаваў маючы адбыцца 25 верасня 2015 г. візіт Святога Айца ў сядзібу гэтай арганізацыі ў Нью-Ёрку.

У Генеральнай асамблеі, якая будзе прысвечана прыняццю мэтаў устойлівага развіцця на бліжэйшыя пятнаццаць гадоў, прымуць удзел афіцыйныя дэлегацыі 193 краін. Ватыканскі дыпламат заўважыў, што ўпершыню ў гісторыі Рымскі Пантыфік выступіць перад такой вялікай аўдыторыяй кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і міністраў. 

Дзеля таго, каб выслухаць Святога Айца, адкрыццё Генеральнай асамблеі было перанесена з 9.00 на 11.00, распавёў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Ён адзначыў, што візіт Папы з’яўляецца вельмі складаным з арганізацыйнага пункту гледжання, бо ў ААН будзе знаходзіцца вялізарная колькасць дзяржаўных лідэраў. Дзеля візіту Пантыфіка была перагледжана ўся праграма форума.

Арцыбіскуп Ауса пажадаў, каб зварот Папы паўплываў на вырашэнне найбольш актуальных пытанняў сённяшняга дня, асабліва пытання аб міжнароднай бяспецы, з якім звязана праблема бежанцаў, пытання беднасці, сацыяльнай справядлівасці і навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.