

Навуковае вывучэнне сусвету можа даць агульную перспектыву для дыялогу паміж веруючымі і няверуючымі, адзначыў папа Францішак 18 верасня 2015 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў сімпозіума, арганізаванага Ватыканскай астраманамічнай абсерваторыяй. Форум прайшоў з нагоды 70-годдзя гэтай структуры. Пантыфік таксама прызначыў яе новага кіраўніка, якім стаў амерыканскі езуіт Гай Джозэф Кансальманьё, член Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі і дырэктар існуючага пры ёй фонду.
Святы Айцец падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл і яго пастыры, падтрымліваюць развіццё “сапраўднай навукі”. Ён нагадаў словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што Касцёл “мае тэрміновую патрэбу ў законніках, якія прысвячаюць сваё жыццё прабыванню на мяжы паміж верай і чалавечымі ведамі, верай і сучаснай навукай”.
У дыялогу паміж веруючымі і няверуючымі навуковае пазнанне сусвету дапамагае дасягненню лепшага разумення рэлігійнага бачання стварэння, сказаў Папа. Ён таксама адзначыў важнасць навукі ў кантэксце міжрэлігійнага дыялогу.
Пантыфік высока адзначыў ініцыятывы Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі на карысць маладых даследчыкаў з розных краін свету. Кожны год гэта структура праводзіць летнія школы для маладых астраномаў у Кастэль-Гандольфа. “Вельмі важна, што вы дзеліцеся дарам вашага навуковага пазнання аб сусвеце з людзьмі”, - сказаў Папа.
Францішак перакананы, што матэрыяльны сусвет, гэта штосьці большае за навуковую праблему, якую неабходна вырашыць. Ён “з’яўляецца мовай любові Бога, Яго невымернай любові” да людзей, адзначыў Пантыфік.
| All the contents on this site are copyrighted ©. |