2015-09-17 12:32:00

Папа: дзеці, вымушаныя жыць на вуліцы – вокліч да Бога


17 верасня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума на тэму “вулічнага душпастырства” – накірунку душпастырскай дзейнасці, мэтай якой з’яўляецца клопат пра дзяцей і жанчын вымушаных па розных прычынах жыць на вуліцы або зарабляць тут сабе на жыццё. Арганізатарам форума выступіла Папская рада пастырства мігрантаў і падарожнікаў.

Паводле Святога Айца, прычынай з’яўлення падобных феноменаў часцей за ўсё з’яўляецца абыякавасць, беднасць, насілле ў сям’і і грамадстве, гандль людзьмі. Нярэдка жанчыны аказваюцца на вуліцы ў выніку разводу, а дзеці, калі нараджаюцца па-за шлюбам. Дзяцей і жанчын вуліц шмат, але ўсе яны з’яўляюцца чалавечымі істотамі, з уласнымі імёнамі і абліччамі, з тоеснасцю, якой Бог адарае кожнага. “Яны дзеці Божыя як і мы, роўныя нам і з такімі самымі правамі”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што ніводнае дзіця не выбірае жыццё на вуліцы самастойна. “Нажаль, таксама і ў сучасным і глабалізаваным свеце, у многіх дзяцей крадзецца іх дзяцінства, правы, будучыня. Недахоп ў адпаведных законах і структурах уплывае на абцяжарванне іх сітуацыі пазбаўленасці: ім не хапае сапраўднай сям’і, адукацыі і медыцынскай дапамогі. Кожнае дзіця пакінутае ці прымушанае жыць вуліцы, якое стала здабычай крымінальных арганізацый – гэта вокліч, які ўзносіцца да Бога, Які стварыў мужчыну і жанчыну на свой вобраз; гэта вокліч, які абвінавачвае сацыяльную сістэму, якую мы дзесяцігоддзямі крытыкуем, але якую не намагаемся змяніць згодна з крытэрыямі справядлівасці”, - сказаў Святы Айцец.

Дзеці і жанчыны, якія вымушаны зарабляць на жыццё на вуліцы, прадаваць уласныя целы, якія экплуатуюцца крымінальнымі групоўкамі, а часам нават сваякамі і блізкімі – гэта ганьба нашых грамадства, якія ганарацца сваёй сучаснасцю і дасягненнем высокіх узроўняў культуры і развіцця, сказаў Папа і дадаў, што католікі не могуць заставацца інертнымі перад абліччам гэтых з’яваў.

“Касцёл не можа маўчаць, касцёльныя структуры не могуць закрываць вочы перад абліччам нешчаслівага феномену дзяцей і жанчын вуліц”, - сказаў удзельнікам ватыканскага сімпозіума Святы Айцец і заклікаў змагацца з прычынамі, якія вымушаюць дзіцей або жанчын жыць на вуліцы ці зарабляць тут сабе на жыццё. 








All the contents on this site are copyrighted ©.