2015-09-17 09:54:00

Кардыналы прадставілі прапановы па новай дыкастэрыі


Члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі прадставілі Папе канчатковыя прапановы адносна стварэння дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, распавёў журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы дадаў, што падчас свайго чарговага пасяджэння, якое праходзіла ў Ватыкане 14-16 верасня 2015 г., дарадчыкі Пантыфіка абмяркоўвалі пытанні звязаныя з прызначэннем біскупаў і паскарэннем працэсаў аб злоўжываннях адносна непаўналетніх з боку прадстаўнікоў духавенства.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што час стварэння новай ватыканскай дыкастэрыі залежыць выключна ад рашэння Святога Айца. Яна можа з’явіцца да таго, як будзе апублікавана новая апостальская канстытуцыя аб Рымскай курыі, як гэта здарылася, напрыклад, у выпадку з Сакратарыятам і Радай па эканамічных пытаннях. Пурпураты выслухалі даклад кардынала Дзіяніджы Тэтаманцы, адказнага за вывучэнне пытання аб тым, наколькі выканальным з’яўляецца гэты праект.

Падчас пасяджэння групы дзевяці кардыналаў, абмяркоўвалася таксама стварэнне іншай новай дыкастэрыі, якая будзе займацца пытаннямі міласэрнасці, справядлівасці і міру. Гэты праект, аднак, яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і таму Рада не прадстаўляла Пантыфіку сваёй канчатковай прапановы адносна яго.

Пурпураты разважалі таксама над працэдурамі прызначэння новых біскупаў, у прыватнасці над якасцямі кандыдатаў і патрабаваннямі да іх у святле выклікаў сённяшняга свету.

Удзельнікі пасяджэння пазнаёміліся з дакладам прэфекта Сакратарыяту па камунікацыі кс. Дарыё Вігано, які распавёў пра працэс стварэння статутаў гэтай структуры.

У чарговай сесіі дарадчыкаў Святога Айца не прымаў удзел кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга па прычыне праблем са здароўем. Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў адбудзецца 10-12 снежня 2015 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.