2015-09-16 11:37:00

Пантыфік: саюз мужчыны і жанчыны павінен змяніць свет


Падчас агульнай аўдыенцыі 16 верасня 2015 г. папа Францішак закончыў цыкл катэхез на тэму сужэнства і сям’і. Ён нагадаў, што ў бліжэйшы час Касцёл чакаюць дзве значныя падзеі: Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі і Сінод Біскупаў у Ватыкане. 

Пантыфік заўважыў, што актуальны перыяд чалавечай цывілізацыі здаецца пазначаны наступствамі панавання эканамічнай тэхнакратыі, якая прывяла да падпарадкавання этыкі логіцы прыбытку. Гэта тэндэнцыя падтрымліваецца значнымі рэсурсамі і многімі СМІ, лічыць Святы Айцец.

“Пры такім сцэнарыі новы альянс мужчыны і жанчыны становіцца не толькі неабходным, але набывае стратэгічнае значэнне для вызвалення народаў ад грашовай каланізацыі. Гэты альянс павінен аднавіць кіраванне палітыкай, эканомікай і грамадскім суіснаваннем. Ад яго залежыць жыццяпрыгоднасць Зямлі, перадача пачуцця жыцця, сувязі памяці і надзеі”, - сказаў Пантыфік. 

Папа падкрэсліў, што Бог даверыў сям’і не проста клопат аб блізкасці дзеля яе самой, але важную місію чынення свету больш “хатнім”. “Менавіта сям’я знаходзіцца на пачатку, у аснове гэтай сусветнай культуры, якая збаўляе. Яна нас бароніць аб шматлікіх нападаў, знішчэнняў, шматлікіх каланізацый, такіх як грашовая або ідэалагічная, якія моцна пагражаюць свету. Сям’я – гэта аснова для абароны”, - адзначыў Францішак. 

Святы Айцец нагадаў, што стораны свет быў давераны мужчыне і жанчыне. Іх адмаўленне ад Божага благаслаўлення непазбежна прывяло да адчування ўсемагутнасці, якое знічыла ўсё. “Мы ўсе прыходзім на свет са спадчынай гэтай хваробы”, - заўважыў Пантыфік. 

Аднак, паводле Папы, людзі не былі праклятымі і пакінутымі самі сябе. Ён нагадаў біблійныя словы, скіраваныя Богам да спакусіцеля: “Пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, паміж семем тваім і яе”. “Гэта значыць, што Бог пазначыў жанчыну абарончым бар’ерам супраць зла”, што жанчына “мае таямнічае і асаблівае благаслаўленне, каб бараніць сваё стварэнне ад злога”, перакананы Пантыфік. Ён заклікаў распрацоўваць такую тэалогію жанчыны, якая б адпавядала гэтаму Божаму благаслаўленню для яе і яе патомства.

Пантыфік падкрэсліў, што Бог заўсёды атуляе мужчыну і жанчыну сваёй міласэрнай абаронай. “Сімвалічная мова Бібліі нам кажа, што перш чым выгнаць іх з Эдэмскага саду, Бог зрабіў мужчыне і жанчыне аддзенне са скураў і апрануў іх. Гэты жэст пяшчотнасці азначае, што нават у балючых наступствах нашага граху, Бог не жадае, каб мы засталіся голымі і пакінутымі нашаму лёсу грэшнікаў. Гэту Божую пяшчоту, гэты клопат аб нас, мы бачым уцелаўлёнымі ў Езусе з Назарэту, сыне Божым “народжаным ад жанчыны”, - адзначыў Святы Айцец.

Паводле Францішка, абяцанне Бога мужчыне і жанчыны, здзейненае на пачатку гісторыі, тычыцца ўсіх людзей, аж да яе канца. “Калі будзем мець дастаткова веры, сем’і народаў Зямлі распазнаюць сябе ў гэтым благаслаўленні. У любым выпадку, кожны, хто дазволіць узрушыць сябе гэтым бачаннем, незалежна ад таго, да якога народу, нацыі, рэлігіі належыць, няхай выходзіць у дарогу з намі. Ён будзе нашым братам і нашай сястрой, без здзяйснення празелітызму будзем крочыць разам з гэтым благаслаўленнем, памятаючы пра мэту Бога, які прагне ўчыніць усіх нас братамі ў жыцці свету, які развіваецца і нараджаецца менавіта з сям’і, саюза мужчыны і жанчыны”, - сказаў Папа.

На заканчэнне аўдыенцыі Францішак нагадаў, што ў бліжэйшую суботу у паўночнай Італіі адбудзецца беатыфікацыя біскупа Піа Альбэрта дэль Кароны, заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр дамініканак ад Святога Духа. Пантыфік пажадаў, каб яго прыклад і заступніцтва дапамаглі Касцёл крочыць у духу Евангелля, праносячы плёны добрых справаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.