2015-09-14 08:53:00

Група вязняў з рымскай турмы памалілася ў Ватыкане


Група вязняў з рымскай турмы “Рэбібія” мела магчымасць наведаць Ватыкан. 13 верасня 2015 г. перад імі адкрыліся дзверы папскіх садоў і базылікі, а таксама была праведзена экскурсія па Ватыканскіх музеях. Апоўдні яны сабраліся ў Сікстынскай капэле, каб перад мікеланджэлаўскім “Апошнім судом”, далучыцца да марыйнай малітвы, якую Святы Айцец праводзіў на плошчы св. Пятра.

“Гэта эмоцыі, якія застануцца ў нашым сэрцы і памяці надоўга”, - заўважыў дырэктар рымскай турмы “Рэбібія” Стэфана Рыка. “Для вязняў, канешне, гэта мае асаблівае значэнне: замест таго, каб праводзіць чарговую раніцу ўнутры пенітэнцыярнай установы, з’яўленне магчымасці паўдзельнічаць у эксклюзіўным візіце, які быў прадстаўлены ім у гэту нядзелю – калі музеі звычайна закрыты – узрышыла ўдзельнікаў гэтай выключнай падзеі”, - падзяліўся сваімі думкамі ён у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Адзін з вязняў – удзельнікаў унікальнай экскурсіі – адзначыў важнасць таго, што падчас візіту ў Ватыкан, да іх “адносіліся цудоўна” і глядзелі, як на роўных, што вельмі рэдка здараецца з асуджанымі ў грамадстве.

Апостальская Сталіца мае блізкія кантакты з турмой “Рэбібія”. У 1983 г. яе наведваў св. Ян Павел ІІ, а ў 2011 г. – Бэнэдыкт XVI. Папа Францішак таксама здзейсніў сюды некалькі візітаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.