2015-09-13 11:46:00

Папа адзначыў прыклад мучаніка з Паўднёвай Афрыкі


Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец нагадаў, што 13 верасня 2015 г. у Паўднёвай Афрыцы адбылася беатыфікацыя першага ў гісторыі гэтай краіны мучаніка – Самуэля Бэнэдыкта Дасва – свецкага верніка, бацькі сям’і і катэхета. Новы благаслаўлёны загінуў у 1990 г. за вернасць Евангеллю. 

“У сваім жыцці ён заўсёды дэманстраваў вялікую адпаведнасць, мужна прымаючы хрысціянскія прынцыпы і адмаўляючы язычніцкія звычаі і звычаі гэтага свету. Няхай яго сведчанне дапаможа асабліва сем’ям у пашырэнні праўды і любові Хрыста і злучыцца са сведчаннем многіх нашых братоў і сясцёр – маладых, пажылых, дзяцей, якія падвяргаюцца пераследу, выгнанню, смерці з прычыны сваёй веры ў Езуса Хрыста. Усім гэтым мучанікам, Самуэлю Бэнэдыкту Дасва, дзякуем за іх сведчанне і просім, каб апекаваліся намі”, - пажадаў папа Францішак.

Новы благаслаўлёны нарадзіўся ў 1946 г. У 17-гадовым узросце прыняў хрост. Працаваў у якасці настаўніка, а затым дырэктара пачатковай школы ў вёсцы Нвэлі. Быў бацькам васьмі дзяцей і актыўным вернікам: дапамагаў у будаўніцтве касцёлаў, праводзіў малітвы з мясцовай супольнасцю ў адсутнасць святара, а таксама спрыяў выкараненню дэструктыўных язычніцкіх вераванняў, ахвярамі якіх нярэдка станавіліся людзі. Самуэль Бэнэдыкт Дасва быў забіты некаторымі мясцовымі жыхарамі ў пакаранне за яго актыўную хрысціянскую пазіцыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.