2015-09-13 13:26:00

Пантыфік: ачысціць веру ад фальшывых вобразаў Бога


Ісці за Езусам азначае ўзяць ўласны крыж, каб суправаджаць Яго на нязручным шляху, які не вядзе да поспеху і мінаючай хвалы, але да сапраўднай свабоды, якая вызваляе ад эгаізму і граху. З такім заклікам папа Францішак звярнуўся 13 верасня 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” у Ватыкане. Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Маці Божую аб ласцы пастаяннага ачышчэння веры ад фальшывых вобразаў Бога, каб цалкам злучыцца з Хрыстом і Яго Евангеллем.

“Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса, які па дарозе да Цэзарыі Філіпавай, пытаўся ў вучняў, кажучы ім: “Кім людзі лічаць Мяне?” (Мк 8,27), – заўважыў Папа. – Яны адказвалі, што некаторыя лічылі Яго ўваскрослым Янам Хрысціцелем, іншыя Іллёю ці адным з вялікіх прарокаў. Народ шанаваў Езуса, лічыў Яго “пасланнікам Божым”, але яшчэ не мог убачыць у Ім Месію, прадказанага і чаканага ўсімі. “А вы кім лічыце Мяне?” (29). Вось самае важнае пытанне, з якім Езус звярнуўся непасрэдна да тых, хто наследаваў Яго, каб праверыць іх веру. Езус быў уражаны верай Пятра. Ён прызнаў, што яна была плёнам асаблівай ласкі Бога Айца. І тады адкрыў вучням, што чакала Яго ў Іерусаліме, гэта значыць, што “Сын Чалавечы павінен шмат выцярпець ... і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць” (31).

Пачуўшы гэта, сам Пётр, які толькі што вызнаў сваю веру ў Езуса, як Месію, абурыўся гэтым словам. Ён адвёў Настаўніка ў бок і пачаў дакараць Яго. А як адрэагаваў Езус? Ён, у сваю чаргу, дакарнуў Пятра вельмі строгімі словамі: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае” (33). Езус заўважыў, што ў Пятры, як і ў іншых вучнях – і ў кожным з нас! – ласцы Айца супрацьстаіць спакуса Злога, які хоча адлучыць нас ад волі Бога. Абвяшчаючы, што павінен пакутаваць і быць адданым смерці, каб потым уваскрэснуць, Езус хоча дапамагчы зразумець, тым хто ідзе за Ім, што Ён – пакорны Месія і служыцель. Ён слуга, паслухмяны волі Айца аж да поўнага ахвяравання ўласнага жыцця. Таму, звяртаючыся да ўсяго натоўпу, Ён абвясціў што той, хто хоча быць Яго вучнем павінен пагадзіцца стаць слугою, як Ён сам, і сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною” (35).

Ісці за Езусам азначае ўзяць уласны крыж, – мы ўсе іх маем! – каб суправаджаць Яго на шляху, шляху нязручным, які не з’яўляецца шляхам поспеху і мінаючай хвалы, але тым, што вядзе да сапраўднай свабоды, свабоды, якая вызваляе ад эгаізму і граху. Гаворка ідзе пра тое, каб цалкам адмовіцца ад ментальнасці гэтага свету, што ставіць уласнае “я” і ўласныя інтарэсы ў цэнтр існавання. Гэта не тое, чаго хоча ад нас Езус. Ён нас заклікае згубіць сваё жыццё за Яго і Евангелле, каб атрымаць яго абноўленым, споўненым і сапраўдным. Мы перакананы, дзякуючы Езусу, што гэты шлях вядзе да ўваскрасення, да поўнага і канчатковага жыцця з Богам. Рашэнне ісці за Ім, нашым Настаўнікам і Панам, які стаў Слугою усіх, патрабуе наследвання Яго і ўважлівага слухання Яго слова, – не забывайце чытаць кожны дзень па аднаму ўрыўку з Евангелля! – і ласкі сакрамэнтаў.

На плошчы зараз ёсць моладзь: юнакі і дзяўчаты. Я толькі спытаюся ў ваc: ці вы адчувалі жаданне наследаваць Езуса больш блізка? Падумайце, памаліцеся і дазвольце, каб Пан да вас прамовіў.

Панна Марыя, якая наследавала Езуса аж да Кальварыі, няхай дапаможа нам заўсёды ачышчаць нашу веру ад фальшывых вобразаў Бога, каб цалкам злучыцца з Хрыстом і Яго Евангеллем”. 

На заканчэнне сустрэчы Францішак прывітаў групы прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў з Італіі і іншых краін. Ён звярнуўся да групы настаўнікаў з Сардзініі, якія маюць толькі часовую працу, і заклікаў, каб “праблемы свету працы вырашаліся з канкрэтным улікам сем’яў і іх патрэбаў”. Папа пажадаў усім сабраным добрай нядзелі і заклікаў памятаць аб малітве за Яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.