2015-09-12 09:23:00

У Кастэль-Гандольфа з Ватыкана выйшаў цягнік


Клубы чорнага дыму з трубы старадаўняга паравозу спадарожнічалі адкрыццю чыгуначнага турыстычнага маршруту, які злучыў Ватыкан і Кастэль-Гандольфа. Інаўгурацыя новай лініі прайшла 11 верасня 2015 г. Падчас яе быў выкарыстаны цягнік, на якім 4 кастрычніка 1962 г. Ян ХХІІІ здзейсніў пілігрымку ў Ларэта і Асізі, каб даверыць апецы Маці Божай і св. Францішка Другі Ватыканскі Сабор. 

Тады паравоз быў прадстаўлены Пантыфіку Прэзідэнтам Італіі Антоніа Сэньі, якому ён дастаўся ў спадчыну ад Савойскай каралеўскай дынастыі. Цяпер аб захаванасці гэтага рарытэту клапоціца Фонд італьянскай чыгункі.

Рэгулярнае чыгуначнае спалучэнне паміж Ватыканам і Кастэль-Гандольфа пачалося 12 верасня. Сучасныя цягнікі разлічаныя на 500 сядзячых месцаў будуць перавозіць турыстаў па суботах. У летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў яны змогуць пабачыць не толькі цудоўныя сады і фермы, але таксама і Апостальскі палац, адкрыты для наведвальнікаў згодна з жаданнем папы Францішка.

Для зручнасці турыстаў быў уведзены адзіны дзённы білет на наведванне Ватыканскіх музеяў і Кастэль-Гандольфа, у кошт якога ўвойдзе праезд цягніком з Ватыкана.








All the contents on this site are copyrighted ©.