2015-09-12 12:24:00

Святы Пасад асудзіў выкарыстанне касетных боепрыпасаў


Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы прыняла ўдзел у Першай канферэнцыі па разгляду Канвенцыі па касетных боепрыпасах. Форум праходзіў у харвацкім Дуброўніку 7-11 верасня 2015 г., праз пяць гадоў з моманту уступлення дакумента ў сілу.

“Сустрэча ў Дуброўніку – гэта вялікі крок наперад, але ўсе дзяржавы, якія падпісалі Канвенцыю па забароне касетных боепрыпасаў, яшчэ павінны зрабіць вялікія намаганні, каб пазбегнуць катастрафічных наступстваў іх выкарыстання”, - заўважыў кіраўнік ватыканскай дэлегацыі арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Дыпламат падкрэсліў, што важна прытрымлівацца першапачатковага духа гэтага дакумента. Неабходна, каб у цэнтры стаяў чалавек, а дакладней ахвяры выкарыстання такога роду ўзбраенняў. Важна ўмацоўваць абавязковыя стандарты і імкнуцца пазбягаць ужывання касетных боепрыпасаў, сказаў ён. Арцыбіскуп Тамазі адзначыў важнасць вылучэння вялікіх фінансавых сродкаў і правядзення адміністратыўных працэдур, каб мэты Канвенцыі маглі рэалізавацца на практыцы.

Канвенцыя аб касетных боепрыпасах, падпісаная ў 2008 г. у Дубліне, забараняе гэты від узбаення, у сілу яго шырокага невыбарчага паражаючага дзеяння ў момант выкарыстання і доўгатэрміновай небяспецы для жыцця і здароўя грамадзянскага насельніцтва. 

Паводле праваабарончай арганізацыі “Human rights watch”, у 2015 г. касетныя боепрыпасы выкарыстоўваліся ў Лівіі, Судане, Сірыі, Украіне і Емене, што нанесла недапушчальную шкоду грамадзянскаму насельніцтву. Ніводная з названых краін, дзе ўжываліся касетныя боепрыпасы, не далучылася да іх забароны.








All the contents on this site are copyrighted ©.