2015-09-11 13:43:00

Францішак даў некаторыя парады кларэтынцам


Пра важнасць адарацыі і суправаджэння Народу Божага нагадаў папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі Генеральнага капітула Кангрэгацыі місіянераў-сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі – супольнасці законнікаў, вядомых як кларэтынцы. Пантыфік прыняў іх на аўдыенцыі 11 верасня 2015 г. у Ватыкане.

У сваёй прамове Папа заўважыў, што  “свет эфектыўнасці” згубіў пачуццё адарацыі, уключанай у малітву. Неабходна шмат адараваць, што значыць стаяць перад Адзіным Богам. Усё, што па-за Ім, гэта толькі “картонная імітацыя”, ідал, заўважыў Пантыфік.

Іншая парада Францішка тычылася неабходнасці заўсёды крочыць насустрач новым межам, у тым ліку інтэлектуальным. Галоўнае не стаяць месцы, сказаў Папа і правёў паралель з вадой, якая псуецца, калі становіцца застаялай. Неабходна, “крочыць, як крочыў Бог, які стаў спадарожнікам. Нельга забываць, што ў Бібліі Пан суправаджаў свой народ, бяручы на сябе таксама грахі, прабачаючы, ідучы побач”, сказаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, суправаджаць людзей трэба ў моманты радасці і шчасця, цяжкасцяў, крыжоў і граху. “Езус не баяўся грэшнікаў, а шукаў іх”, - нагадаў Пантыфік і заклікаў законнікаў наследаваць гэты прыклад Хрыста не баючыся крытыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.