2015-09-10 09:22:00

Францішак прывітаў удзельнікаў экуменічнага форума


Папа Францішак прывітаў удзельнікаў ХХІІІ Міжнароднага экуменічнага сімпозіума аб праваслаўнай духоўнасці, арганізаванага манаскай супольнасцю Бозэ, у паўночнай Італіі. Форум праходзіць 9-12 верасня 2015 г. на тэму міласэрнасці і прабачэння. Каталіцкі Касцёл на ім прадстаўляе былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер.

“Святы Айцец скіроўвае да ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў добразычлівае прывітанне і памятаючы, што міласэрнасць з’яўляецца вялікім святлом любові і пяшчотнасці Бога, якое нясе ў сабе прабачэнне, з ахвотай удзяляе ўсім апостальскае благаслаўленне, заклад вялікіх нябесных ласкаў”, - гаворыцца ў пасланні, падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. 

Зварот да ўдзельнікаў сімпозіума скіраваў таксама старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. “Экуменізм не існаваў бы і не развіўся без перакананасці ў тым, што хрысціяне павінны прасіць прабачэння ў Бога і адзін у аднаго за падзелы, якія выклікалі ў Целе Хрыста”, - напісаў ён.

Ватыканскі пурпурат нагадаў, што прабачэнне за падзелы заўсёды спадарожнічала экуменічнай дзейнасці Каталіцкага Касцёла. Аб ім упершыню прасіў Павел VI падчас адкрыцця другой сесіі Другога Ватыканскага Сабору. Гэта просьба канкрэтызавалася ў 1965 г., у сумеснай заяве Папы і Патрыярха Афінагора аб зняцці ўзаемнай экскамунікі. 50-я гадавіна гэтага жэсту будзе адзначацца сёлета, менавіта на пачатку Году Міласэрнасці, заўважыў кардынал Кох. У святле вышэй узгаданых падзей ён падкрэсліў, што экуменічная дзейнасць павінна падштурхоўваць хрысціянскія супольнасці да навяртання сэрцаў. “Пошук адзінства без сумніваў з’яўляецца адным з самых моцных стымулаў міласэрнасці”, - напісаў у сваім звароце высокі ватыканскі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.