2015-09-10 11:23:00

Святы Айцец: не прабачаць, гэта не па-хрысціянску


Супакой і прымірэнне былі цэнтральнымі тэмамі гаміліі папы Францішка 10 верасня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Святы Айцец асудзіў вытворчасць зброі дзеля вядзення войнаў, канфлікты ўнутры хрысціянскіх супольнасцяў і заклікаў святароў быць міласэрнымі.

Езус – гэта Пан супакою, таму што стварае супакой у сэрцах людзей. Сёння, аднак, з тэленавінаў і часопісаў бачым, “што існуюць войны, разбурэнні, нянавісць, варожасць”. “Таксама існуе мноства мужчыны і жанчын, якія цяжка працуюць, каб вырабляць зброю для забойстваў, зброю, якая абмываецца крывёю многіх нявінных” людзей, заўважыў Пантыфік.

Войны вядуцца таксама і ўнутры хрысціянскіх супольнасцяў. Папа заклікаў адказаць на іх прабачаючы адно аднаму. “Калі не ўмееш прабачаць – не з’яўляешся хрысціянінам”, а толькі “добрым мужчынам, добрай жанчынай...”, сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што без прабачэння іншых, немагчыма атрымаць супакою Пана.

Францішак адзначыў гераізм шматлікіх мужчын і жанчын, якія дзеля дабра сваіх сем’яў пераносяць шматлікія цяжкасці і несправядлівасці і асудзіў тых, хто сваімі языкамі распальвае войны.

Папа нагадаў пра важнасць міласэрнасці і разумення іншых людзей. “Пан, Айцец вельмі міласэрны, заўсёды прабачае, заўсёды жадае прымірыцца з намі”. Але “калі ты не міласэрны, рызыкуеш, што і Пан не будзе міласэрным з табой, бо мы будзем асуджаны згодна з тым, як судзілі іншых”, нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец асаблівым чынам адзначыў неабходнасць міласэрнасці для святароў. “Калі з’яўляешся святаром і адчуваеш, што не можаш быць міласэрным, спытай у свайго біскупа, каб даў табе адміністацыйную працу, але не ўваходзь у канфесіянал, калі ласка. Неміласэрны святар чыніць вялікую шкоду ў канфесіянале. Бічуе людзей”, - сказаў Францішак.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў, згодна з парадамі св. Паўла, апрануцца ў лагоднасць, дабрыню, пакору, добразычлівасці і вялікадушша.








All the contents on this site are copyrighted ©.