2015-09-10 14:06:00

Папа пра місійную адказнасць хрысціянскіх сем’яў


Хрысціянскія сем’і пакліканы клапаціцца аб параненых і разбітых сем’ях, быць міласэрнымі да іх, а таксама супрацьстаяць ідэалагічнай каланізацыі, адзначыў папа Францішак 10 верасня 2015 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы руху сужэнскай духоўнасці “Équipes Notre Dame”.

У сваёй прамове Пантыфік заўважыў, што хрысціянскія сем’і часта знаходзяцца ў лепшых умовах, каб абвяшчаць Езуса Хрыста іншым сем’ям, каб падтрымліваць іх, умацоўваць і натхняць. Францішак заклікаў да “новага місійнага пратаганізму”, дзялення тым, што Хрыстус дазволіў перажыць “у сямейнай блізкасці пасярод радасцяў і пакут”, каб іншыя таксама станавіліся на гэты шлях. 

Папа адзначыў важнасць падтрымкі маладых сужэнскіх параў, але ў першую чаргу “параненых сем’яў”, якіх “сёння шмат” па розных прычынах: “адсутнасці працы”, “беднасці”, “праблем са здароўем”, “жалобы”, “клопатаў, выкліканых дзіцём”, “нераўнавагі, справакаванай аддалёнасцю або доўгай адсутнасцю”, “атмасферай насілля”.

“Мы павінны мець адвагу, каб увайсці ў кантакт з гэтымі сем’ямі, тактоўна, але шчодра з матэрыяльнага, чалавечага і духоўнага пункту гледжання”, сказаў Францішак. Святы Айцец заклікаў хрысціянскія сем’і быць прыладамі “міласэрнасці Хрыста і Касцёла для асобаў, сужэнства якіх распалася”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.