2015-09-09 11:22:00

Пантыфік: важна сувязь сям'і і парафіі


Пра тэрміновую важнасць ажыўлення сувязі паміж сям’ёй і касцёльнай супольнасцю казаў папа Францішак 9 верасня 2015 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Святы Айцец заўважыў, што сям’я і парафія павінны здзейсніць цуд больш супольнага жыцця дзеля дабра ўсяго грамадства. Сувязь паміж імі можна назваць “натуральнай”, бо Касцёл – гэта духоўная сям’я, а сям’я – гэта маленькі Касцёл, сказаў Пантыфік.

“Хрысціянская супольнасць – гэта дом тых, хто верыць у Езуса, як у крыніцу братэрства паміж усімі людзьмі. Касцёл крочыць пасярод народаў, у гісторыі мужчын і жанчыны, бацькаў і маці, сыноў і дачок: гэта тая гісторыя, якая важна Пану. Вялікія падзеі моцных гэтага свету запісваюцца ў падручнікі па гісторыі і там застаюцца. Але гісторыя чалавечых пачуццяў запісваецца непасрэдна ў сэрцы Божым; гэта тая гісторыя, якая застаецца навекі. Гэта месца жыцця і веры. Сям’я, гэта месца нашага незаменнага, нязваротнага ўваходу ў гісторыю – у гісторыю поўнага жыцця, якое закончыцца сузіраннем Бога праз ўсю вечнасць у Небе. Але пачынаецца яна ў сям’і. І таму сям’я з’яўляецца настолькі важнай”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што таксама і Езус да канца прайшоў гэтым шляхам. Ён нарадзіўся ў сям’і, у маленькім і нязначным мястэчку і там “вучыўся свету”. “Жывучы трыццаць гадоў гэтым досведам, Езус прыняў на сябе чалавечы стан, злучаючы яго са сваім адзінствам з Айцом і сваёй апостальскай місіяй. Затым, калі пакінуў Назарэт і пачаў публічнае жыццё, Езус сфармаваў вакол сябе супольнасць, “асамблею”, што значыць сабранне людзей. Гэта значэнне слова “касцёл”, - адзначыў Пантыфік. 

“У Евангеллі, супольнасць Езуса мае форму сям’і, гасціннай сям’і, а не закрытай секты: тут мы бачым Пятра і Яна, але таксама галоднага і прагнучага, чужынца і таго, каго пераследуюць, грэшніцу і мытніка, фарысеяў і натоўпы. І Езус нястомна прымае і размаўляе з усімі, нават з тымі, хто больш не чакаў сустрэць Бога ў сваім жыцці. Гэта вельмі моцны ўрок для Касцёла! Вучні былі выбраны, каб клапаціцца аб гэтай асамблеі, гэтай сям’і гасцей Божых”, - сказаў Папа.

Паводле слоў Францішка, каб сёння працягвала існаваць гэта рэчаіснасць асамблеі Езуса, неабходна ажывіць саюз паміж сям’ёй і хрысціянскай супольнасцю. “Можам сказаць, што сям’я і парафія – гэта два месцы ў якіх рэалізуецца тое адзінства любові, што мае сваю апошнюю крыніцу ў самім Богу. Касцёл, які сапраўды адпавядае Евангеллю, не можа не мець форму гасціннага дому, з заўсёды адкрытымі дзвярыма. Касцёлы, парафіі, структуры з закрытымі дзвярыма не павінны называцца касцёламі, але музеямі!”, - падкрэсліў Папа.

Сёння саюз паміж сям’ёй і хрысціянскай супольнасцю мае ключавое значэнне. Паводле Папы, неабходна пакладаць надзею не на цэнтры ідэалагічнай, фінансавай, палітычнай улады, але менавіта на гэтыя асяродкі любові, евангелізуючыя, багатыя чалавечым цяплом, заснаваныя на салідарнасці, а таксама на ўзаемным прабачэнні. 

Святы Айцец заклікаў сем’і актыўна ўключацца ў жыццё Касцёла, а касцёльныя супольнасці спрыяць дыялогу, разуменню і ўзаемнай павазе. “Мы ўсе павінны ўсведамляць, што хрысціянская вера разыгрываецца на адкрытым полі жыцця раздзеленага з усімі, а сям’я і парафія павінны здзейсніць цуд больш супольнага жыцця для ўсяго грамадства”, - сказаў на заканчэнне сваёй катэхезы папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.