2015-09-09 11:56:00

Кардынал Маркс: насілле над бежанцамі – ганьба


Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі кардынал Рэйнхард Маркс назваў ганебнымі акты закрытасці і насілля ў адносінах да бежанцаў. “Мне больна глядзець на людзей, якія выкрыкваюць нацысцкія лозунгі і карыстаюцца гітлераўскім знакам прывітання”, - сцвердзіў пурпурат у інтэрв’ю штотыднёвіку “Der Spiegel”.

Паводле слоў іерарха, “не магчыма адначасова мець варожыя адносіны да чужынцаў і быць католікам, а лозунгі, якія распальваюць нянавісць – непрымальныя”. Арцыбіскуп Мюнхен-Фрайзінгскі падкрэсліў, што Касцёл аказвае рознабаковую дапамогу бежанцам, у якую ўключаецца вялікая колькасць валанцёраў.

Кардынал Маркс лічыць важным не заставацца абыякавымі да асоб, якія  выказваюць крайнія погляды і нагадаў, што распальванне нянавісці, з’яўляецца безадказным. “Існуюць законныя дыскусійныя платформы ў палітычнай сферы і канешне, касцёльнай. Пануе свабода думкі, таксама і сярод католікаў. Але ёсць і “чырвоная лінія”, - сказаў пурпурат і дадаў, што як біскуп павінен рэагаваць, калі нехта яе перакрочвае.

Уплывовы нямецкі іерарх адзначыў таксама важнасць распрацоўкі еўрапейскай канцэнцыі падтрымкі развіцця краін, якія вымушаны пакідаць людзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.