2015-09-09 08:14:00

Ватыканскі іерарх: Папа не ўвёў “каталіцкіх разводаў”


Апостальскім лістом “Mitis Iudex Dominus Iesus” аб паскарэніі працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства папа Францішак не змяняе навучанне Касцёла і не ўводзіць “касцёльных разводаў”, але спрашчае некаторыя працэдуры для душпастырскіх мэтаў, удакладніў старшыня Папскай рады па інтэрпрытацыі заканадаўчых тэкстаў кардынал Франчэска Кокапальмерыа. 

“Мы размаўляем аб працэсе, які вядзе да прызнання несапраўднасці заключэння сужэнскага саюза. Гаворка ідзе пра тое, каб у першую чаргу ўбачыць ці сужэнства было заключана, і калі не было, прызнаць яго несапраўднасць. Тут не маеца на ўвазе працэс, які вядзе да “анулявання” сужэнскага саюзу”, - сказаў пурпурат.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што несапраўднасць сужэнства і яго “ануляванне” – гэта дзве розныя рэчы. Сапраўднага сужэнства Касцёл “ануляваць” не можа.

Змены, прынятыя Пантыфікам, носяць душпастырскі характар і заключаюцца ў паскарэнні працэдур, каб хутчэй служыць вернікам. “Прынцыпы гэтата вельмі ясныя: працэс прызнання несапраўднасці сужэнства можа стаць хутчэйшым, аднак ён павінен здзейсняцца з пашанай да яго прыроды, якой з’ўляецца пошук праўды”, - заўважыў кардынал Кокапальмерыа, падчас прэзентацыі папскага дакумента ў Ватыкане.

Два Апостальскія лісты папы Францішка аб рэформе кананічнага працэсу прызнання несапраўднасці сужэнства: “Mitis Iudex Dominus Iesus” (Лагодны суддзя Пан Езус), для Кананічнага права Касцёла і “Mitis et misericors Iesus” (Лагодны і міласэрны Езус), для Кодэксу канонаў Усходніх Касцёлаў былі апублікаваны 8 верасня 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.