2015-09-08 09:34:00

Касцёл у Еўропе рыхтуецца да прыняцця мігрантаў


На заклік папы Францішка аб прыняцці ўсімі парафіямі па адной сям’і бежанцаў ужо адказалі мясцовыя Касцёлы ў розных краінах Еўропы. У Францыі, якая з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў для бежанцаў, Касцёл ужо даўно аказвае падобную дапамогу. Арцыбіскуп Ліёна кардынал Філіп Барбарэн адзначыў, што заклік Пантыфіка можа прынесці добрыя плёны і паспрыяць “усеагульнай мабілізацыі сумленняў”. На яго думку, прапанова Святога Айца з’яўляецца цалкам рэалістычнай. Французскія парафіі ў стане прыняць па адной сям’і бежанцаў, заўважыў ён. 

Іншая сітуацыя ў Венгрыі. Арцыбіскуп Эштэргом-Будапешскі кардынал Пэтэр Эрдо прызнаўся, што венгерскія парафіі не ў стане адказаць на заклік Святога Айца з прычыны асаблівых патрабаванняў заканадаўства краіны.

Поўным рашучасці прыняць каля 100 тыс. бежанцаў з’яўляецца Касцёл у Італіі. 30 верасня-2 кастрычніка 2015 г. тут пройдзе спецыяльная нарада епіскапату, на якой будуць разглядацца магчымасці кожнай з 226 дыяцэзій. Многія рымскія парафіі ўжо паінфармавалі аб гатоўнасці памяшканняў для прыняцця патрабуючых, распавёў кіраўнік мясцовага аддзялення “Caritas” кс. Энрыка Ферочы. У той жа час застаюцца невырашанымі бюракратычныя праблемы, звязаныя з рэгістрацыяй замежнікаў, забеспячэннем іх медыцынскіх патрэбаў і накіраваннем дзяцей у школы.

Касцёл у Мілане ўжо прыняў каля 800 бежанцаў, у Генуі – 400, з якіх 70 пражывае ў будынку семінарыі. У пампейскім марыйным санктуарыі гасцяць 12 жанчын і 2 дзіцяці з Афрыкі. Каля 100 чалавек было прынята касцёльнымі структурамі ў Фларэнцыі.

У Вялікабрытаніі кардынал Вінцэнт Ніколс звярнуўся да ўраду з просьбай аб вылучэнні фінансавых сродкаў на патрэбы мігрантаў, а католікаў заклікаў да малітвы і ўчынкаў салідарнасці. 

Парафіі і супольнасці Варшаўскай архідыяцэзіі дапамогуць бежанцам, запэўніў яе прадстаўнік кс. Пшэмыслаў Слівінскі. Праз адмысловы канал у “Твітэры” святар паведаміў, што ў бліжэйшыя дні пройдуць кансультацыі, якія дадуць адказ на тое, якога кшталту дапамогу змогуць аказаць мясцовыя парафіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.