2015-09-07 13:16:00

Папа: хрысціян пераследуюць пры маўчанні многіх сіл


Многія хрысціяне працягваюць падвяргацца пераследам пры саўдзельным маўчанні многіх сіл, адзначыў папа Францішак 7 верасня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Св. Імшу разам з ім цэлебраваў новы Каталікос-Патрыярх Армянскай Каталіцкай Царквы Грыгорый Бэдрас ХХ Габраян. Падчас літургіі яны здзейснілі абрад абмену Святымі Дарамі, у пацвярджэнне эўхарыстычных каранёў адзінства паміж Біскупам Рыма і Армянскай Каталіцкай Царквой.

У сваёй гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак пра кніжнікаў і фарысеяў, якія абурыліся тым, што Езус ўчыніў цуд у суботу і захацелі Яго забіць. Да сённяшняга дня, “можа нават больш, чым у першыя часы”, ёсць тыя, “каго пераследуюць, забіваюць, выганяюць, пазбаўляюць усяго, толькі таму што яны хрысціяне”, заўважыў Папа.

Паводле слоў Святога Айца, не існуе хрысціянства без пераследу, пацвярджэннем чаму з’яўляецца апошняе благаслаўленне. Пераследы – гэта лёс вызнаўцаў Хрыста. На думку Папы, усё што сёння “здараецца ў свеце, пры саўдзельным маўчанні многіх сіл, якія б маглі гэта стрымаць”, з’яўляецца менавіта гэтым хрысціянскім лёсам.

Францішак нагадаў аб шматлікіх пакутах армянскага народу, а таксама хрысціянах Блізкага Усходу, якія гінуць ад рук тэрарыстаў з імем Хрыста на вуснах. Армянскі народ быў пераследаваны, выгнаны са сваёй радзімы, без дапамогі, у пустыню. Гэта гісторыя, паводле слоў Папы, пачалася з Езуса: тое, што ўчынілі з Езусам, учынілі таксама з яго Целам, якім з’яўляецца Касцёл, сказаў ён.

Напрыканцы сваёй гаміліі Святы Айцец памаліўся, каб у выпадку пераследу, мець такую адвагу і сведчанне, як мелі хрысціянскія мучанікі, асабліва хрысціяне армянскага народу.








All the contents on this site are copyrighted ©.