2015-09-07 08:56:00

Кардынал Шонборн за адзінства біскупаў у пытанні мігрантаў


Арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонборн мяркуе, што еўрапейскім біскупам неабходна знайсці супольную лінію ў пытанні бежанцаў. “Мы патрабуем ад Еўрапейскага саюза супольнага стаўлення да праблемы бежанцаў, але гэтага самага можам чакаць і ад біскупаў”, - сцвердзіў пурпурат журналістам аўстрыйскага тэлевізійнага каналу “ORF”.

Размова была прымеркавана да маючай прайсці 11-16 верасня 2015 г. у Святой Зямлі Генеральнай асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ). “Я чакаю вельмі канкрэтных адказаў на тэму актуальнай сітуацыі”, - прызнаўся кардынал Шонборн.

Сустрэча еўрапейскіх біскупаў пачнецца супольнай Эўхарыстыяй ў цэнтры “Domus Galilaeae”, недалёка ад Галілейскага возера. 12 верасня іерархі прымуць удзел у малітоўным чуванні ў інтэнцыі сем’яў, якое пройдзе ў Назарэце. Затым яны накіруюцца ў Бэтлеем, каб наведаць дабрачынныя касцёльныя структуры, школу для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі, а таксама цэнтр дапамогі ўдовам. У родным горадзе Езуса Хрыста біскупы спаткаюцца з мясцовымі біскупамі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій. Рыхтуецца сустрэча з ізраільскімі і палестынскімі палітычнымі прадстаўнікамі. Апошнім пунктам пленарнай асамблем стане Эўхарыстыя ў храме Гробу Пана ў Іерусаліме.








All the contents on this site are copyrighted ©.