2015-09-04 08:58:00

Нунцый у Беларусі: мы ганарымся ўдзелам у вызваленні вязняў


Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пракаментаваў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ўжо відавочныя вынікі візіту ў Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы кардынала П’етра Параліна. Дыпламат адзначыў, што для Дзяржсакратара гэты візіт быў магчымасцю зразумець сітуацыю ў Касцёле ў Беларусі і дзякуючы гэтаму візіту краіна была на вачах усяго свету.

“Візіт кардынала Параліна прыцягнуў ўвагу ўсёй Беларусі да Каталіцкага Касцёла і зрабіў яго больш заўважным. Касцёл стаў больш бачным у вачах усіх, ён набыў больш значнасці і увагі з боку ўсяго беларускага народу. Другім вельмі важным вынікам было тое, што Беларусь стала больш прысутнай ў вачах свету, пасля візіту кардынала. Яна стала больш заўважнай, узнікла больш ініцыятыў у адносінах да Беларусі з боку ўсяго свету і гэта дазволіла Папе непасрэдна ўмяшацца, каб паспрыяць вызваленню вязняў, якое адбылося нядаўна. Канешне, мы гэтым вельмі ганарымся, таму што гэта пайшло на службу міру і стабільнасці ў краіне. Я таксама вельмі задаволены тым, што беларускія ўлады высока ацанілі гэты ўдзел Папы”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Прадстаўнік Святога Айца дадаў, што будынак нунцыятуры ў Мінску, вуглавы камень якога Дзяржсакратар асвяціў падчас свайго візіту, амаль гатовы. Ён удзячны уладам за тое, што працэс будоўлі адбываецца вельмі хутка.

“Прысутнасць нунцыятуры азначае прысутнасць Папы ў Беларусі, у асобе Нунцыя, не ў часовай, але ў стабільнай форме. Гэта знак вялікай пашаны з боку Апостальскай Сталіцы і ўсяго Каталіцкага Касцёла да Беларусі і імкнення спрыяць будучыні, росквіту і міру. Святы Пасад не мае ніякіх патрабаванняў, а толькі хоча рабіць ўласны ўклад і аказваць падтрымку будучыні гэтага народу, які шмат пакутаваў”, - адзначыў Нунцый.

2 верасня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і новы сакратар нунцыятуры Марынко Антолавіч наведалі Гомель. Яны прыехалі ў складзе групы дыпламатаў некалькіх краін Еўрасаюза і прадстаўнікоў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб азнаёміцца з умовамі пражывання ў рэгіёне бежанцаў і перасяленцаў.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.