2015-09-03 14:38:00

Святы Айцец сустрэўся з Прэзідэнтам Ізраіля


Неабходна спрыяць “атмасферы даверу паміж ізраільцянамі і палестынцамі”, а таксама “аднавіць прамыя перамовы, каб дасягнуць пагаднення, якое будзе паважаць законныя памкненні абодвух народаў”, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы аб змесце размовы папы Францішка з Прэзідэнтам Ізраіля Рэўвенам Рыўлінам. 

3 верасня 2015 г. Святы Айцец прыняў палітыка на аўдыенцыі ў Ватыкане.
Галоўнай тэмай іх размовы была праблема міру на Блізкім Усходзе, з асаблівай увагай да стану хрысціян і іншых меншасцяў. Адзначалася “важнасць міжрэлігійнага дыялогу і адказнасці рэлігійных лідэраў за спрыянне прымірэнню і згодзе”.

Бакі абмеркавалі таксама адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Дзяржавай Ізраіль. У гэтым кантэксце выказвалася пажаданне хутчэйшай падрыхтоўцы  двухбаковага Пагаднення і належнага вырашэння некаторых пытанняў, што ўяўляюць супольную цікавасць, сярод якіх сітуацыя хрысціянскіх школ у краіне.

Прэзідэнт Ізраіля падараваў Святому Айцу копію фрагменту базальтавай пліты, на якой упершыню, пасля Бібліі, ўзгадваецца імя караля Давіда. Арыгінал гэтай археалагічнай знаходкі захоўваецца ў Іерусалімскім музеі. На спецыяльнай таблічцы пад артэфактам быў размешчаны ўрывак са 122 псальму: “Прасіце міру для Іерусаліма”. Звяртаючыся да Папы, Рэўвен Рыўлін падкрэсліў, што яго падарунак нагадвае аб супольных каранях хрысціянства і юдаізма.

Францішак ўрычыў палітыку бронзавы медальён, з выявай скалы падзеленай на дзве частцы, якія трымае разам аліўкавая галіна, што расце са шчыліны. “Калі ёсць падзел, выклікам з’яўляецца адзінства”, сказаў Папа. На медальёне быў размешчаны надпіс: “Шукаць тое, што аб’ядноўвае, пераўзыходзіць тое, што дзеліць”. “Гэта парада”, - заўважыў Святы Айцец.

Пасля сустрэчы з Папам, Рэўвен Рыўлін паразмаўляў таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі  арцыбіскупам Полам Галахерам.








All the contents on this site are copyrighted ©.