2015-09-01 16:02:00

Духоўныя асобы


Сёння ў нашай перадачы мы пачнём гаворку аб духоўных асобах – аб іх фармацыі (як чалавек становіцца духоўнай асобай), правах і абавязках. Як мы ўжо казалі духоўная асоба – гэта тая асоба, якая прыняла сакрамэнт пасвячэння па меншай меры ў ступені дыяканату.

І пачнём гаворку з таго, як і дзе павінна адбывацца падрыхтоўка чалавека да прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Наогул, абавязкам, а таксама ўласным і выключным правам Касцёла, з’яўляецца падрыхтоўка тых, хто прадвызначаецца да святой службы. Гэта азначае, што Касцёл павінен арганізаваць падрыхтоўку святых распарадчыкаў, і ніхто акрамя Касцёла не можа гэтага рабіць.

Канешне, гаворачы аб падрыхтоўцы будучых святых распарадчыкаў нельга не сказаць аб тым, што пакліканне да святарства – гэта заўсёды Божая справа, але на ўсю хрысціянскую супольнасць ускладзены абавязак спрыяць духоўным пакліканням, каб дастаткова задаволіць патрэбы ўсяго Касцёла ў святой службе; гэты абавязак ускладаецца ў першую чаргу на хрысціянскія сем’і, на выхавацеляў і асабліва на святароў, перад усім на пробашчаў. Дыяцэзіяльныя біскупы, якія пераважна павінны клапаціцца аб адкрыцці пакліканняў павінны павучаць дадзены ім народ аб важнасці святой службы і аб патрэбах Касцёла ў святых распарадчыках, а таксама распачынаць і падтрымліваць пачынанні, якія садзейнічаюць пакліканням, асабліва праз установы, заснаваныя для гэтых мэтаў. Акрамя гэтага святары, а перад усім дыяцэзіяльныя біскупы, павінны клапаціцца і аб тым, каб мужчыны, якія дасягнулі сталага ўзросту і якія лічаць сябе пакліканымі да святой службы, атрымоўвалі мудрую дапамогу словам і чынам, а таксама адпаведную падрыхтоўку.

Традыцыйна ў Касцёле існуюць ніжэйшыя і вышэйшыя духоўныя семінарыі. Нажаль, ніжэйшых духоўных семінарый цяпер нямнога ў свеце, але там дзе яны існуюць, трэба іх захоўваць і падтрымліваць, бо ў такіх навучальных установах дзеля распазнавання паклікання прадастаўляецца асобае рэлігійнае выхаванне разам з гуманітарнай і навуковай адукацыяй, больш таго, дыяцэзіяльны біскуп павінен паклапаціцца аб заснаванні ніжэйшай семінарыі або іншай падобнай навучальнай ўстановы там, дзе лічыць гэта патрэбным. Ніжэйшая духоўная семінарыя – гэта як сярэдняя школа, юнакі, якія там знаходзяцца, не абавязкова пасля павінны стаць святарамі, але навучэнцы гэтых ніжэйшых семінарый павінны атрымаць тую гуманітарную і навуковую падрыхтоўку, якую атрымоўвае моладзь у гэтым рэгіёне, якая рыхтуецца для навучання ў вышэйшай школе. 

Юнакі ж, якія рыхтуюцца прыняць святарства, павінны для атрымання адпаведнага духоўнага выхавання і падрыхтоўкі да выканання сваіх абавязкаў прайсці падрыхтоўку ў вышэйшай семінарыі на працягу поўнага тэрміну фармацыі (які звычайна складае не менш чым шэсць гадоў) або, калі на думку дыяцэзіяльнага біскупа гэтага патрабуць акалічнасці, па меншай меры чатырох гадоў.

Тых, хто па нейкіх прычынах прабывае па-за семінарыяй, дыяцэзіяльны біскуп павінен даручыць апецы пабожнага і годнага святара, які павінен сачыць за тым, каб яны атрымоўвалі старанную падрыхтоўку да духоўнага жыцця і захоўвання дысцыпліны. І такія практыкі здараліся ў савецкія часы, калі ўсе жадаючыя юнакі па пэўных прычынах не маглі навучацца ў семінарыях. 

Мы ўжо казалі аб тым, што чалавек становіцца духоўнай асобай праз прыняцце сакрамэнту пасвячэння ў ступені  дыякана, і гэты дыяканат можа быць часовы (калі чалавек рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту пасвячэння ў ступені прэзбітэрату) або сталы (калі чалавек на заўсёды застанецца дыяканам). Дык вось, калі гаворка ідзе аб сталым дыяканаце, то кандыдаты да прыняцця сталага дыяканату павінны, згодна з прадпісаннямі Канферэнцыі Біскупаў, атрымаць выхаванне, якое садзейнічае іх духоўнаму жыццю, і адпаведным чынам падрыхтавацца да выканання абавязкаў, звязаных з гэтым пасвячэннем юнакі, прабываючы не менш трох гадоў у якім-небудзь спецыяльным доме, хіба што дыяцэзіяльны біскуп з паважнай прычыны пастановіць іншае, а старэйшыя мужчыны, цэлібатарыі або жанатыя, павінны прайсці падрыхтоўку па трохгадовай праграме, зацверджанай Канферэнцыяй Біскупаў, пры гэтым няма патрэбы ўвесь час прабываць у нейкім спецыяльным доме.

У наступнай нашай перадачы мы разгледзем нормы, якія датычаць функцыянавання вышэйшых духоўных семінарый, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.