2015-08-31 13:14:00

Правы і абавязкі ўсіх вернікаў (І)


Сёння ў нашай перадачы мы пачнём гаворку аб правах і абавязках, якія з’яўляюцца агульнымі для ўсіх вернікаў, незалежна ад таго, ці яны з’яўляюцца асобамі духоўнымі, ці свецкімі.

На мінулым тыдні мы ўжо казалі, але сёння я хачу паўтарыць, што паміж усімі вернікамі, з моцы іх адраджэння ў Хрысце, гэта азначае з моцы прынятага сакрамэнту хросту, існуе сапраўдная роўнасць у адносінах да іх годнасці і дзейнасці, дзякуючы якой усе яны, згодна са станам і абавязкамі кожнага, супрацоўнічаюць дзеля будавання Цела Хрыстовага або Касцёла і вернікі абавязаны заўсёды, прычым у самым спосабе іх дзеянняў, захоўваць супольнасць з Касцёлам.

Усе вернікі, адпаведна да ўласных умоў, павінны старацца весці святое жыццё і садзейнічаць узрастанню і няспыннаму асвячэнню Касцёла. Таксама ўсе вернікі маюць абавязак і права садзейнічаць таму, каб Божая вестка аб збаўленні усё больш і больш распаўсюджвалася на ўсіх людзей усіх часоў і ўсяго свету.

Тое, што святыя пастыры, прадстаўляючыя Хрыста, абвяшчаюць як настаўнікі веры або пастанаўляюць як кіруючыя Касцёлам, вернікі, усведамляючы сваю адказнасць, павінны выконваць з хрысціянскай паслухмянасцю. І гэта адносіцца да ўлады кіравання і навучання, якую маюць пастыры Касцёла. Тут гаворка ідзе аб паслухмянасці, але заўсёды трэба сабе усведамляць, што гэтая паслухмянасць не можа быць сляпой, а паслухмянасць павінна быць адказнай. Калі нейкае распараджэнне пастыраў Касцёла пакідае месца для ўласнай ініцыятывы, трэба заўсёды з гэтым з мудрасцю карыстацца.

Са свайго боку вернікі маюць поўнае права прадстаўляць пастырам Касцёла свае патрэбы, асабліва духоўныя, і свае пажаданні. Натуральна, што паміж вернікамі і пастырамі Касцёла павінны існаваць нейкія адносіны, і таксама з’яўляецца натуральным тое, што вернікі маюць свае патрэбы і пажаданні. Заўсёды вернік можа прадставіць пастыру сваю просьбу –індывідуальна і сумесна з нейкай групай, вусна ці пісьмова, а пастыры са свайго боку павінны гэта выслухаць або прыняць. Іншымі словамі, паміж вернікамі Касцёла і іх пастырамі павінны складвацца нармальныя адносіны, якія існуюць у іншых супольнасцях. Таксама па меры сваіх ведаў, кампетэнтнасці і здольнасці, вернікі маюць права, а часам і прамы абавязак, выказваць святым пастырам сваё меркаванне аб тым, што адносіцца да дабра Касцёла, і паведамляць аб гэтым іншым вернікам, захоўваючы поўнасць веры і звычаяў і павагу перад пастырамі, а таксама беручы пад увагу агульную карысць і асабістую годнасць кожнага чалавека.

Вернікі маюць права прымаць ад святых пастыраў дапамогу з духоўных дабротаў Касцёла, а асабліва з Божага Слова і сакрамэнтаў. Аднак тут трэба памятаць, што ў Касцёле павінен існаваць адпаведны парадак. Гэтае прадпісанне не азначае, што цяпер любы вернік можа папрасіць любога пастыра Касцёла аб сваіх духоўных патрэбах, бо ёсць пробашчы, ардынарыі, іншыя асобы, з якімі з моцы іх пасады асаблівым чынам звязаны кожны вернік.

Вернікі маюць права ажыццяўляць Божы культ паводле прадпісанняў уласнага абраду, адобранага законнымі пастырамі Касцёла, а таксама наследваць свой вобраз духоўнага жыцця, згоднага аднак з вучэннем Касцёла. Раней у нашых перадачах мы казалі аб тым, што ў Касцёле існуюць розныя абрады. Традыцыйным у Беларусі з’яўляецца лацінскі абрад, але таксама існуюць католікі іншых абрадаў, напрыклад, візантыйскага ці армянскага, ды вось кожны чалавек мае права ажыццяўляць Божы культ паводле ўласнага абраду. Але з другога боку можа існаваць праблема, што не заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца напрыклад, да святара свайго абраду, таму таксама і гэтыя пытанні трэба вырашаць з адпаведнай разважлівасцю. У наступнай нашай перадачы мы працягнем разважанні на тэму правоў і абавязкаў, якія маюць усе вернікі Хрыста. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.