2015-08-31 13:23:00

Правы і абавязкі ўсіх вернікаў (II)


Сёння ў нашай перадачы мы працягваем разважанні аб правах і абавязках усіх вернікаў, як асобаў свецкіх, так і духоўных. Адным з галоўных правоў вернікаў з’яўляецца тое, што яны маюць поўнае права свабодна засноўваць і ўзначальваць асацыяцыі, накіраваныя на мэты любові і міласэрнасці, або на садзейнічанне хрысціянскаму пакліканню ў свеце, а таксама збірацца разам для дасягнення гэтых мэтаў. Гэта азначае, што вернікі маюць права ствараць асацыяцыі, запісвацца ва ўжо існуючыя, але мэты такіх асацыяцый павінны быць цесна звязанымі з агульным пакліканнем усіх вернікаў, гэта значыць з пакліканнем да святасці ў вечнасці, таму такія асацыяцыі не могуць мець толькі матэрыяльных мэтаў. Адной з магчымасцяў карыстання з гэтага права да асацыяцый з’яўляецца права да дапамогі апостальскай дзейнасці, напрыклад, выдаўніцтвы, радыёстанцыі, каталіцкая прэса і г.д. Наогул, усе вернікі, паколькі яны ўдзельнічаюць у місіі Касцёла, маюць права згодна са статусам і пазіцыяй кожнага садзейнічаць апостальскай дзейнасці Касцёла або падтрымліваць яе сваімі пачынаннямі; аднак ніякае з гэтых пачынанняў не можа сябе называць “каталіцкім”,  калі на гэта не будзе згоды кампетэнтнай касцёльнай улады, таму што калі нешта называецца каталіцкім, яно павінна дзейнічаць згодна з навучаннем Каталіцкага Касцёла.

Вернікі, якія менавіта праз хрост пакліканыя жыць згодна з евангелічнай дактрынай,  маюць права на хрысціянскае выхаванне, праз якое яны павінны адпаведна падрыхтавацца для дасягнення сталасці чалавечай асобы, а разам з тым і да пазнання таямніцы збаўлення і да жыцця, згоднага з ёй. Тут гаворка ідзе аб праве на хрысціянскую фармацыю ў Касцёле, а тыя, хто займаюцца святымі навукамі, карыстаюцца справядлівай свабодай даследвання і маюць права разважліва адкрываць сваё меркаванне ў справах, знаўцамі якіх яны з’яўляюцца, захоўваючы пры гэтым належную пашану да Настаўніцкага Інстытута Касцёла. 

Усе вернікі карыстаюцца правам, каб быць вольнымі ад усялякага прымусу ў выбары свайго жыццёвага статуса. Так сапраўды, права да свабоднага выбару жыццёвага статусу з’яўляецца нечым большым, чым проста забарона прымусу ў гэтай справе. Напрыклад, права заключыць сужэнскі саюз з канкрэтнай асобай парушаецца, калі забараняецца некаму заключыць сужэнства не з-за прымусу, але таксама з нейкіх іншых прычын, напрыклад, калі існуюць перашкоды. 

Таксама існуе норма права, якая гаворыць аб тым, што нікому не дазволена без законных падстаў парушаць добрае імя таго, хто ім валодае, і парушаць права кожнай асобы да аховы яе ўласнага прыватнага жыцця. Але гэтае права не вынікае з сакрамэнту хросту і не адносіцца толькі да вернікаў, але вынікае з натуральнага права і мае дачыненне такім чынам да кожнага чалавека. Тут гаворка ідзе аб беззаконных падставах парушэння добрага імя чалавека, бо натуральна, здараюцца сітуацыі, калі чалавеку трэба паказаць ягоныя памылкі, грахі ці зхлачынствы, калі гаворка ідзе аб абароне большага дабра іншага чалавека, супольнасці або ўсяго Касцёла, і натуральным чынам у Касцёле таксама існуюць пакаральныя працэсы, на якіх становіцца вядома аб тым непарадку, які ўчыніў канкрэтны чалавек.

Але заўсёды вернікі могуць на законных падставах адстойваць і згодна з правам абараняць у кампетэнтным касцёльным судзе тыя правы, якімі яны карыстаюцца ў Касцёле, яны таксама, калі кампетэнтная ўлада пакліча іх у суд, маюць права, каб іх судзілі згодна з прадпісаннямі права, якія ўжываюцца згодна з прынцыпам справядлівасці.

Вернікі маюць абавязак дапамагаць Касцёлу ў яго патрэбах, каб ён меў тое, што патрэбна для справавання Божага культу, для выканання спраў аспостальства і міласэрнасці, а таксама для годнага ўтрымання распарадчыкаў. Яны таксама абвязаны садзейнічаць ажыццяўленню хрысціянскай справядлівасці, і, памятаючы наказ Пана, дапамагаць бедным з уласных сродкаў – і гэта таксама з’яўляецца абавязкам, які вынікае з натуральнага права, таму што чалавек павінен прыйсці на дапамогу іншаму чалавеку, калі той знаходзіцца ў патрэбе. Але заўсёды ў ажыццяўленні сваіх правоў, як індывідуальна, так і з’яднаўшыся ў супольнасці, вернікі павінны мець на ўвазе супольнае дабро Касцёла, а таксама правы іншых людзей і свае абавязкі перад імі, а касцёльная ўлада мае права кіраваць ажыццяўленнем правоў, якія належаць вернікам, беручы пад увагу супольнае дабро Касцёла. У наступнай перадачы мы пачнём гаворку аб правах і абавязках, якія маюць у Касцёле свецкія вернікі.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.