2015-08-29 15:42:00

Часы і месцы святыя (II)


Сёння ў нашай перадачы мы пагаворым аб касцёле як аб сакрасльнай будове, як аб святым месцы. Наогул, касцёлам называецца святы будынак, прадназначаны для Божага культа, куды вернікі маюць права ўваходзіць для выканання Божага культа, асабліва публічнага. Лагічным з’яўляецца патрабаванне права, што для таго, каб пабудаваць касцёл, патрабуецца выразна дадзены пісьмовы дазвол дыяцэзіяльнага біскупа. Канешне, кожнага біскупа цешыць магчымасць будавання новай святыні ў яго дыяцэзіі,  але разам з тым трэба разумець, што будова новага касцёла – справа вельмі складаная і каштоўная, таму дыяцэзіяльны біскуп павінен даваць згоду на будову новага касцёла толькі тады, калі, выслухаўшы святарскую раду і рэктараў суседніх касцёлаў, ён палічыць, што новы касцёл можа служыць для дабра душаў і што знойдуцца сродкі, неабходныя для збудавання касцёла і для справавання Божага культа. Таксама манаскія інстытуты, нават атрымаўшы ад дыяцэзіяльнага біскупа дазвол на заснаванне новага дому ў дыяцэзіі або горадзе, перад тым, як будаваць касцёл у дакладна вызначаным месцы, павінны атрымаць дазвол дыяцэзіяльнага біскупа.

Пры будаванні і рэстаўрацыі касцёлаў, параіўшыся з экспертамі, трэба захоўваць прынцыпы і нормы літургіі і сакральнага мастацтва. Каталіцкі Касцёл не прымае як уласны нейкі канкрэтны з архітэктурных стыляў, але пэўныя нормы і  прынцыпы павінны быць захаваныя. І натуральна, што калі будова будзе закончана, новы касцёл трэба як мага хутчэй асвяціць або па меншай меры благаславіць, захоўваючы уставы святой літургіі.

Кожны касцёл павінен мець уласны тытул, які не можа быць зменены пасля асвячэння. Тытулам касцёла можа быць Найсвяцейшая Тройца, Божыя Асобы, таямніцы або тытулы Хрыста, прынятыя ў літургіі, тытулы Найсвяцейшай Панны Марыі, святыя Анёлы або святыя, якія змешчаны ў рымскай мартыралогіі. Благаслаўлёны не можа быць апекуном касцёла, пакуль ён не ўпісаны ў зацверджаны мясцовы літургічны каляндар.

У законным чынам асвечаным або благаслаўлёным касцёле могуць здзяйсняцца ўсе акты Божага культу, захоўваючы правы парафіі. Мы ўжо казалі аб тым, што праз асвячэнне або благаслаўленне касцёл становіцца святым месцам, здольным для таго, каб у ім справаваліся акты культу. Аднак абмежаванне “захоўваючы правы парафіі”, аб якім мы гаворым, не адносіца да касцёла як да святога месца, але да права, якое можа быць захавана для парафіяльнага касцёла. Напрыклад, сакрамэнт сужэнства павінен цэлебравацца ў парафіяльным касцёле, але ардынарый месца або пробашч парафіі (менавіта парафіі, дзе знаходзіцца нейкі непарафіяльны касцёл) могуць даць дазвол, каб гэты сакрамэнт цэлебраваўся ў іншым касцёле, не абавязкова парафіяльным. 

Усе, каго гэта датычыць, павінны клапаціцца аб тым, каб у касцёлах захоўваліся парадак і прыгажосць, адпаведныя Божаму дому, і каб не дапускалася нічога, што б не адпавядала святасці месца,  а для абароны святых рэчаў і каштоўнасцяў трэба праяўляць пастаянны клопат аб іх захаванасці і выкарыстоўваць адпаведныя сродкі бяспекі.

Існуе яшчэ адно важнае прадпісанне права, якое датычыць уваходу ў касцёлы, а менавіта, што ўваход у касцёл падчас святых цэлебрацый павінен быць вольны і бясплатны. У многіх месцах, нажаль, касцёлы выкарыстоўваюцца выключна як помнікі архітэктуры і мастацтва, і многія людзі ўваходзяць у касцёл толькі для таго, каб палюбавацца гэтым мастацвам, і ва многіх краінах за такі ўваход у святыні просяць заплаціць нейкую суму грошай, але нам трэба ведаць, што падчас малітвы (напрыклад, калі ў нейкай святыні адбываецца Святая Імша) уваход вернікаў у святыню заўсёды павінен быць бясплатны.

Калі здарыцца так, што нейкі касцёл ніякім чынам нельга выкарыстоўваць для Божага культу, і няма магчымасці для яго рэстаўрацыі, дыяцэзіяльны біскуп можа перадаць яго для адпаведнага свецкага ўжытку. Тады ж, калі іншыя сур’ёзныя прычыны прымушаюць не выкарыстоўваць больш нейкі касцёл для шырокага Божага культу, дыяцэзіяльны біскуп, выслухаўшы святарскую раду, можа перадаць яго для адпаведнага свецкага ўжытку са згоды тых, хто на законных падставах мае права на гэты касцёл, і калі гэта не пашкодзіць дабру душ. У наступнай перадачы мы пагаворым аб капліцах, аб тым, што гэта такое, чым капліцы адрозніваюцца ад касцёлаў, а на сёння я з вамі развітваюся.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.