2015-08-29 11:08:00

Францішак падтрымаў берлінскі “Марш за жыццё”


Святы Айцец падтрымаў “Марш за жыццё”, які пройдзе праз цэнтр Берліна 19 верасня 2015 г. Як паведаміла нямецкая Нацыянальная федэрацыя за жыццё, Францішак сказаў аб гэтым арганізатарам маршу пасля мінулай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме. Пантыфік высока ацаніў ініцыятыву ў абарону жыцця і вялікую і патрэбную працу арганізатараў. “Гэта вельмі, вельмі важна, што вы робіце”, - цытуе яго словы Федэрацыя за жыццё.

У 2014 г. з Ватыкана ўпершыню было накіравана прывітанне для ініцыятывы, якая праходзіць у Берліне з 2002 г. У лісце ад імя Папы кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін адзначыў, што права на жыццё з’яўляецца падставай культуры і законаў грамадства, таму чалавек не можа ўспрымацца ў якасці тавару, прызначанага да выкідання. Грамадства, якое пазбаўляецца людзей, пазбаўляе сябе каранёў свайго існавання. І менавіта хрысціяне павінны падкрэсліваць значэнне недатыкальнасці жыцця кожнага чалавека і недапушчальнасць залежнасці асобы ад імгненнай выгады.

У многіх еўрапейскіх сталіцах рэгулярна праходзяць “Pro-Life-маршы”. Дэвіз сёлетняга берлінскага – “Разам за жыццё. Заўсёды”. Тысячы хрысціян, якія пройдуць цэнтрам нямецкай сталіцы, заклічуць паважаць права кожнага чалавека на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці. Арганізатары лічаць такія ініцыятывы важнымі і таму, што ў апошнія гады у нямецкіх мегаполісах актывізаваліся акцыі і контр-дэманстрацыі прыхільнікаў абортаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.