2015-08-29 15:28:00

Сакрамэнталіі (II)


Сёння ў нашай перадачы мы працягваем гаворку аб розных сродках, якія мае Касцёл для выканання свайго асвячальнага задання.Зараз мне хацелася б некалькі слоў сказаць аб літургіі гадзінаў. Што гэта такое? Літургія гадзінаў, якая таксама называецца брэвіярыем або даўней – святым афіцыямам, з’яўляецца з вельмі далёкіх часоў часткай публічнага культа Касцёла. Галоўную частку гэтай літургіі становіць малітва псальмамі. Мэтай гэтай літургіі з’яўляецца прысвячэнне Богу гадзінаў дня праз выкананне афіцыйным спосабам ў імя Касцёла Божага наказу oportet semper orare – трэба заўсёды маліцца. Кодэкс гаворыць, што Касцёл, выконваючы святарскую місію Хрыста, цэлебруе літургію гадзінаў, у якой ён, слухаючы Бога, прамаўляючага да свайго народа і ўспамінаючы таямніцу збаўлення, праслаўляе бесперапынна Бога спевам і малітвай і просіць аб збаўленні ўсяго свету.

Поўная літургія гадзінаў складаецца з пяці кананічных гадзінаў – ютрань (у ранішнія гадзіны дня), малітва апоўдні, перад апоўднем або пасля апоўдня (у залежнасці ад таго, калі яна адмаўляецца), нешпары (вечаровая малітва), камплета (малітва на заканчэнне дня), а таксама гадзіна чытанняў (яе можна адгаворваць у розныя гадзіны дня або спалучаць з нейкай іншай гадзінай). На кожны дзень літургічнага года прадпісаны свой “набор” такіх малітваў. Абавязак здзяйсняць літургію гадзінаў поўнасцю маюць усе духоўныя асобы (г.зн. тыя, хто прыняў пасвячэнне ўжо ў ступені дыякана; а члены інстытутаў кансэкраванага жыцця і супольнасцяў апостальскага жыцця моляцца літургіяй гадзінаў па нормах, прадпісаных ва ўласных канстытуцыях – часта гэта можа быць нейкая частка літургіі гадзінаў – напрыклад, ютрань, нешпары і камплета. Да ўдзелу ў літургіі гадзінаў, як дзеянню Касцёла, настойліва запрашаюцца таксама іншыя вернікі ў залежнасці ад абставін свайго жыцця. Пры здзяйсненні літургіі гадзінаў, наколькі гэта магчыма, павінен быць захаваны праўдзівы час кожнай гадзіны, гэта азначае, што ютрань найлепш маліцца раніцай, нешпары вечарам, але абставіны жыцця могуць скласціся так, што, напрыклад, у святара няма фізічнай магчымасці маліцца ў прадпісаныя гадзіны, тады ён павінен зрабіць гэта ў іншы час таго самога дня.

Зараз некалькі слоў хацелася б сказаць аб хрысціянскім пахаванні. Касцёльнае пахаванне, праз якое Касцёл выпрошвае духоўную дапамогу для памерлых, аддае пашану іх целам і ў той самы час дае пацяшэнне жывым праз надзею, павінна цэлебравацца па нормах літургічных уставаў. Часта сёння ўзнікае пытанне – ці дазваляе Касцёл крэмацыю? Адказ на гэтае пытанне наступны: Касцёл настойліва заахвочвае захоўваць пабожны звычай пахавання цел памерлых; аднак не забараняе крэмацыю, хіба што яна была выбрана па нейкіх прычынах, супраціўных хрысціянскай дактрыне.

Пахаванне кожнага памерлага верніка павінна цэлебравацца, як правіла, у яго парафіяльным касцёле. Аднак кожнаму верніку або тым, хто павінен паклапаціцца аб пахаванні памерлага верніка, дазваляецца выбраць іншы касцёл са згоды таго, хто ім кіруе, паведаміўшы аб гэтым уласнага пробашча памерлага.  Пахаванне дыяцэзіяльнага біскупа павінна цэлебравацца ў яго ўласным катэдральным касцёле, хіба што ён сам выберыць іншы касцёл. Пахаванне членаў манаскіх інстытутаў або супольнасцяў апостальскага жыцця павінна, як правіла, цэлебравацца ў іх уласным касцёле або капліцы Настаяцелем, калі інстытут або супольнасць з’яўляецца клерыкальнымі, або капеланам у іншых выпадках. Калі ў парафіі ёсць уласныя могілкі, там трэба хаваць памерлых вернікаў, хіба што сам памерлы або тыя, хто павінен клапаціцца аб пахаванні памерлага верніка выбяруць законным чынам іншыя могілкі, аднак кожны, каму гэта права не забараняе, можа выбраць могілкі для свайго пахавання.

У тым, што датычыць пахавання, катэхумены (г.зн. тыя, хто рыхтаваўся прыняць сакрамэнт хросту) прыраўніваюцца да вернікаў і ім удзяляецца каталіцкае пахаванне. Ардынарый месца таксама можа дазволіць, каб дзецям, якіх бацькі мелі намер ахрысціць, але якія памерлі перад хростам, было ўдзелена касцёльнае пахаванне. Смерць чалавека – гэта заўсёды вялікае гора для яго найбліжэйшых, але нажаль даволі часта здараюцца сітуацыі, калі чалавек усім сваім жыццём паказваў, што яму Бог не патрэбны, можа нават варожа ставіўся да Бога і Яго Касцёла, але пасля смерці родныя нібыта на сілу хочуць учыніць такому чалавеку касцёльнае пахаванне. Каталіцкага пахавання павінны быць пазбаўленыя, хіба што перад смерцю выразяць нейкія прыметы пакаяння, публічныя апастаты, ерэтыкі і схізматыкі, тыя, хто выбралі крэмацыю ўласнага цела па прычынах, супраціўных хрысціянскай веры, іншыя яўныя грэшнікі, якім нельга ўдзяліць каталіцкага пахавання без публічнага згаршэння вернікаў. Можа гэта і вельмі нялёгка, але заўсёды трэба ўлічваць, якая была воля памерлага. У наступнай нашай перадачы мы пагаворым святых часах і месцах, а на сёння я з вамі развітваюся. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.