2015-08-27 12:43:00

Францішак прывітаў яўрэйскамоўных католікаў


Папа Францішак скіраваў пасланне да яўрэйскамоўных католікаў. Нагодай для гэтага стала святкаванне 60-годдзя дзейнасці “Ініцыятывы св. Якуба” – структуры, якая займаецца душпастрырствам сярод яўрэяў-католікаў у Ізраілі. 

Святы Айцец з радасцю прыняў інфармацыю аб святкаванні шасцідзесятай гадавіны дзейнасці Ініцыятывы і пераказаў сардэчныя пажаданні яе кіраўніцтву, святарам, законнікам і ўсім яўрэйскамоўным католікам у спецыяльным звароце за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя вікарыя Іерусалімскага Патрыярхату для яўрэйскамоўных католікаў кс. Дэвіда Нойхаўса.

Пантыфік запэўніў у малітве за ўсіх асоб, звязаных з душпастырствам, і пажадаў мясцовай каталіцкай супольнасці далейшага ўзрастання ў радасным сведчанні Евангелля, не толькі на словах, але і жыццём, перамененым прысутнасцю Бога. Менавіта такім чынам, паводле Святога Айца, “супольнасць вікарыяту не толькі ўмацуецца, але будзе станавіцца ўсё больш эфектыўнай прыладай дыялогу і міру ў грамадстве”, а таксама знакам любові Хрыста да самых патрабуючых.

У Ізраілі пражывае каля 600 яўрэйскамоўных католікаў. Яны складаюць чатыры супольнасці: у Хайфе, Бээр-Шэве, Іерусаліме і Тэль-Авіве. Душпастырства сярод іх ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам езуіта кс. Дэвіда Нойхаўса, які адначасова з’яўляецца выкладчыкам біблістыкі ў каталіцкіх адукацыйных установах Святой Зямлі.  

“Ініцыятыва св. Якуба” узнікла ў 1955 г., калі аказалася, што сярод яўрэяў, якія прыбывалі ў нядаўна заснаваную дзяржаву Ізраіль, былі і католікі. Першая ў гісторыі яўрэйскамоўная касцёльная супольнасць пастаянна папаўняецца эмігрантамі, якія інтэгруюцца ў ізраільскае грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.