2015-08-26 16:07:00

Сужэнства (IX)


Сёння ў нашай перадачы мы працягваем гаворку аб сакрамэнце сужэнства і сёння пагаворым аб такой рэчы, як зцвярджэнне існуючага сужэнства. Што гэта такое? Разгледзем сітуацыю, якая найбольш часта здараецца ў нашым Касцёле ў Беларусі – існуе сужэнства, заключанае многа гадоў таму назад у органах ЗАГС, але касцёльнага шлюба ў гэтых асоб няма. Адна з іх вельмі хоча ўзяць шлюб, а другі бок катэгарычна супраць. Што рабіць у такой сітуацыі? Касцёл прапаноўвае дзве дарогі зцвярджэння сапраўднасці сужэнства – звычайнае зцвярджэнне і так званае “sanatio in radice” – зцвярджэнне, што сужэнства было важным ад самога пачатку (напрыклад, ад моманту рэгістрацыі ў ЗАГСе). Але зараз аб усім больш падрабязней.

Найперш пагаворым аб звычайным зцвярджэнні. Для зцвярджэння сужэнства, несапраўднага з-за адмяняючай перашкоды (напрыклад, перашкода веку, прыняцця пасвячэжння, абяцання чыстасці, рознай веры і г.д.), патрабуецца, каб гэта перашкода перастала існаваць або была ўдзелена дыспенса ад яе, а згода была ўзноўлена па меншай меры тым бокам, які ведаў аб існаванні перашкоды. Напрыклад, у момант заключэння сужэнства хлопцу было 15 гадоў, але яму гэта ўдалося затаіць (напрыклад, замяніўшы дакументы ці іншым чынам). Такое сужэнства несапраўднае – яго можна зцвярдзіць або калі хлопцу споўніцца 16 гадоў, альбо калі будзе дадзена дыспенса ад веку (нагадаю, што для сапраўднасці сужэнства хлопец павінен мець 16 гадоў, а дзяўчына 14). У такой сітуацыі трэба нанова выказаць сужэнскую згоду. Гэта ўзнаўленне згоды  патрабуецца касцёльным правам для сапраўднасці зацвярджэння нават у тым выпадку, калі абодва бакі першапачаткова выразілі згоду і пасля не адмовіліся ад яе. Узнаўленне згоды павінна прадстаўляць сабой новы акт волі адносна сужэнства, аб якім узнаўляючы бок ведае або мяркуе, што яно ад пачатку з’яўляецца несапраўдным. У выпадку такога звычайнага сцвярджэння сужэнства становіцца сапраўдным менавіта ад моманту гэтага зцвярджэння.

У сучаснай практыцы Касцёла ў Беларусі часцей усё ж такі прымяняецца іншы спосаб зцвярджэння сужэнства – так званае sanatio in radice – зцвярджэнне ад пачатку. Што гэта такое? Зцвярджэнне ад пачатку несапраўднага сужэнства – гэта яго зацвярджэнне без узнаўлення згоды, удзеленае кампетэнтнай уладай (Рымскім Пантыфікам або дыяцэзіяльным біскупам), якая цягне за сабой дыспенсу ад перашкоды, калі яна існуе (аб гэтым мы ўжо казалі), і таксама дыспенсу ад кананічнай формы, калі яна не была захавана, а таксама зваротнае дзеянне ўсіх кананічных наступстваў. І тут варта звярнуць увагу на тое, што гэтае зцвярджэнне цягне за сабой дыспенсу ад кананічнай формы, калі яна не была захавана. Вернемся да прыкладу, аб якім я казаў на пачатку перадачы. Мы ўжо казалі ў мінулых перадачах, што хрысціянін павінен заключаць сужэнства паводле пэўнай кананічнай формы, але ардынарый можа даць дыспенсу ад гэтай формы, і сужэнства можа быць заключана ў іншай форме. Іншымі словамі, хрысціянін можа заключыць па нейкай паважнай прычыне сужэнства толькі ў ЗАГСе, але да гэтага патрэбна дыспенса ад кананічнай формы. Найбольш частай прычынай удзялення такой дыспенсы з’яўляецца той факт, што адзін з бакоў катэгарычна не хоча заключаць сужэнства ў Касцёле. Іншымі словамі, сужэнства ў ЗАГСе можа быць па такіх прычынах быць прызнана сапраўдным, толькі патрэбна дыспенса ад кананічнай формы, і менавіта біскуп у гэтым працэсе sanatio in radice удзяляе таксама такую дыспенсу. Само зцвярджэнне наступае ад моманту ўдзялення ласкі; пры гэтым мяркуецца, што зваротнае дзеянне гэтай ласкі распаўсюджваецца аж да моманту цэлебрацыі сужэнства (гэта значыць сужэнства ў ЗАГСе ў нашым выпадку), хіба што будзе выразна агаворана іншае.

Калі ж так станецца, што сужонкі ўжо не жывуць разам, калі адсутнічае згода з абодвух бакоў або з аднаго боку, то сужэнства не можа быць зацверджана ад пачатку незалежна ад таго, ці згода адсутнічала ад пачатку, ці пасля выказвання яе на пачатку, затым ад яе адмовіліся. Сужэнства, несапраўднае з-за наяўнасці перашкоды або дэфекта ў патрабуемай законна форме, можа быць зацверджана толькі ў тым выпадку, калі пры гэтым застаецца ў сіле згода абодвух бакоў. Зцвярджэнне можа быць сапраўдным чынам удзелена нават у тым выпадку, калі аб гэтым не ведае адзін з бакоў ці абодва бакі; аднак яно павінна быць удзелена толькі з паважнай прычыны.

Кс. Дзмітрый Пухальскі
 

 

 








All the contents on this site are copyrighted ©.