2015-08-26 16:11:00

Сакрамэнталіі (I)


На працягу даволі доўгага часу мы разважалі аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю святых сакрамэнтаў. Але асвячальная місія Касцёла заключаецца не толькі ў цэлебрацыі сакрамэнтаў, таксама існуюць іншыя акты Божага культу. І сёння мы пачнём гаворку аб сакрамэнталіях – святых знаках, праз якія, на падабенства да сакрамэнтаў, азначаюцца і праз заступніцтва Касцёла набываюцца наступствы, перад усім духоўныя. Адразу варта заўважыць, што сакрамэнталія могуць быць рэчамі (у значэнн  матэрыяльных рэчаў) або дзеяннямі. Рэчы становяцца сакрамэнталіямі, калі атрымоўваюць асвячэнне або паблагаслаўленне (напрыклад, крыжык, ружанец, абразік), і праз гэтае асвячэнне або благаслаўленне яны прызначаюцца да культу. 

У чым адрозніваюцца сакрамэнталія ад сакрамэнтаў? Па-першае, сакрамэнты паходзяць з Божага ўстанаўлення, Касцёл павінен толькі верна іх цэлебраваць, а сакрамэнталіі паходзяць з Касцёла. Па-другое, сакрамэнты з’яўляюцца канкрэтнымі інструментамі Божай ласкі, а сакрамэнталіі з’яўляюцца знакамі, да якіх Касцёл дадае сваё пасрэдніцтва для дасягнення духоўных дабротаў. Па-трэцяе, сакрамэнты з’яўляюцца знакамі Божай ласкі, а сакрамэнталіі – знакамі малітвы Касцёла. Аднак, нягледзячы на тое, што сакрамэнталіі маюць “ніжэйшы” ранг ад сакрамэнтаў, устанаўліваць новыя сакрамэнталіі, аўтэнтычна тлумачыць існуючыя, касаваць некаторыя з іх абозмяняць можа толькі Апостальскі Пасад, і  пры гэтым  пры цэлебрацыі або ўдзяленні сакрамэнталіяў павінны быць дакладна захаваныя абрады і формулы, зацверджаныя касцёльнай уладай.

Лагічнае пытанне, якое цяпер можа ўзнікнуць – наступнае: хто ж можа удзяляць сакрамэнталіі. Кодэкс гаворыць, што наогул распарадчыкам сакрамэнталій з’яўляецца духоўны, надзелены адпаведнай уладай; некаторыя сакрамэнталіі па нормах літургічных кніг і па суджэнні ардынарыя месца могуць удзяляць таксама свецкія, надзеленыя адпаведнымі якасцямі. Але некаторыя віды сакрамэнталіяў зарэзервіраваныя за канкрэтнымі асобамі – так, кансэкрацыі і пасвячэнні (калі гаворка ідзе, напрыклад, аб кансэкрацыі асобаў, пасвячэнні алтара і г.д.) могуць сапраўдным чынам здзяйсняць толькі тыя, хто маюць біскупскае пасвячэнне, а таксама прэзбітэры, якім гэта дазваляе права або ім гэта было даручана згодна з правам. Благаслаўленні, за выключэннем тых, права на якія захоўваецца за Рымскім Пантыфікам (напрыклад, традыцыйнае благаслаўленне Urbi et Orbi – гораду і свету) або за біскупамі, можа ўдзяляць кожны прэзбітэр. Дыякан можа ўдзяляць толькі тыя благаслаўленні, якія выразна дазваляюцца яму правам.

Са святымі рэчамі, прадназначанымі для Божага культа праз асвячэнне або благаслаўліенне, трэба абыходзіцца з пашанай, а таксама нельга імі карыстацца для мэтаў свецкіх або неўласцівых, нават калі імі валодаюць прыватныя асобы.

Яшчэ некалькі слоў хацелася б сказаць аб эгзарцызме. Эгзарцызм – гэта прызыванне Божага Імя для аддалення злога духа ад асобы. Калі эгзарцызм здзяйсняецца ад імя Касцёла ўпаўнаважанай асобай і паводле прадпісаных абрадаў, то такі эгзарцызм называецца публічным і мае моц сакрамэнталіяў, у супраціўным выпадку называецца эгзарцызмам прыватным. Публічныя эгзарцызмы дзеляцца на звычайныя і ўрачыстыя. Звычайныя – гэта тыя, якія становяць частку іншых абрадаў пры цэлебрацыі, напрыклад, сакрамэнту хросту або канфірмацыі. І такі эгзарцызм можа ўдзяляць кодны распарадчык такога сакрамэнту. Калі ж гаворка ідзе аб урачыстым або вялікім эгзарцызме, то яны прадугледжаны ў найбольш скрайных выпадках д’ябальскага дзеяння на асобу. У такім выпадку ніхто не можа законным чынам здзяйсняць экзарцызмы над апантаным, не атрымаўшы ад ардынарыя месца спецыяльнага і выразнага дазволу на гэта. Гэты дазвол удзяляецца ардынарыем месца толькі прэзбітэру, які адзначаецца пабожнасцю, ведамі, разумнасцю і беззаганнасцю жыцця. І гэта натуральна, таму што і ў часе прыгатавання да эгзарцызму, і ў часе самога эгзарцызму патрабуецца вельмі многа малітвы і іншых пабожных практык як ад самога святара, так і ад вялікай колькасці людзей, якая сваімі малітвамі падтрымлівае святара, які выганяе злога духа з чалавека.

Кс. Дзмітрый Пухальскі
 

 

 








All the contents on this site are copyrighted ©.