2015-08-26 11:31:00

Вальдэнсы адхілілі просьбу Папы аб прабачэнні


Сінод Евангелісцкай Царквы Вальдэнсаў адхіліў просьбу папы Францішка аб прабачэнні і заявіў, што не можа “замяніць сваіх вернікаў, якія сваёй крывёю або іншымі пакутамі заплацілі за сведчанне евангелічнай веры”. “Мы не ўладныя прабачаць ад іх імя”, - гаворыцца ў лісце на імя Пантыфіка, апублікаваным 25 жніўня 2015 г. Аўтары, аднак, адзначаюць, што ў жэсце Папы “прачыталі ясна выказанае жаданне адкрыцця новай главы ў гісторыі адносін” паміж католікамі і вальдэнсамі. “Нашы Цэрквы гатовыя пачаць пісаць новую гісторыю”, - гаворыцца ў лісце.

Францішак наведаў невялікі храм вальдэнсаў падчас свайго візіту ў Турын 22 чэрвеня 2015 г. і там папрасіў іх дараваць крыўды, панесеныя Царкве католікамі. “З боку Каталіцкага Касцёла я прашу вас аб прабачэнні за адносіны і паводзіны нехрысціянскія, і нават нялюдскія, якія мы мелі да вас у гісторыі. У імя Пана Езуса Хрыста, прабачце нас!”, - сказаў тады Пантыфік. Варта адзначыць, што Францішак з’яўляецца першым у гісторыі Папам, які пераступіў парог храма вальдэнсаў.

Евангелісцкая Царква Вальдэнсаў з’яўляецца найстарэйшай у свеце рэфармацкай супольнасцю, бо паўстала яшчэ за 400 гадоў да Рэфармацыі, ініцыяванай Марцінам Лютэрам. Вальдэнсы пачалі сваю дзейнасць у ХІІ ст., пасля таго, як іх заснавальнік Пётр Вальда, багаты чалавек, раздаў усю сваё маёмасць. Яны заклікалі да беднасці, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу, адхілілі аўтарытэт Папы і патрабавалі рэформаў у Касцёле. На іх была накладзена экскамуніка. Паслядоўнікаў Пятра Вальда пераследавалі і прысуджалі да інквізіцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.