2015-08-25 13:01:00

Погляд Папы на эканоміку падзяляюць Нобелеўскія лаўрэаты


Святому Айцу не падабаецца, калі яго энцыкліку аб экалогіі “Laudato si’” называюць “зялёнай” і ён кожны раз на гэта звяртае ўвагу, заўважыў канцлер Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук біскуп Марчэла Санчэс Саронда. Паводле іерарха, у сваім дакуменце Пантыфік жадаў “казаць аб сацыяльных тэмах і сацыяльнай справядлівасці”, а пытанне клімату тычыцца іх, бо “мае наступствы для самых бедных народаў”.

У інтэрв’ю чылійскаму выданню “El Mercurio” біскуп Саронда нагадаў, што Папа кажа пра навакольнае асяроддзе, “як пра частку Божага Стварэння”. Пантыфік “вяртаецца да духа св. Францішка, які бачыў у прыродзе прыгажосць адкупленага, у якой ўсё кажа аб Хрысце”. У такім сэнсе, падкрэсліў іерарх, “энцыкліка – гэта глыбока рэлігійны дакумент”.

Каментуючы спробы інструменталізацыі энцыклікі “Laudato si’”, біскуп заўважыў, што дакумент не тычыцца толькі тэмы чалавека ці толькі прыроды, але іх разам. Святы Айцец разглядае чалавека не ў якасці галоўнага ворага экалогіі, але “адзінай істоты створанай на вобраз Божы” і пакліканай да “адказнасці за супрацоўніцтва ў справе Стварэння”. 

Погляды папы Францішка на актуальную эканамічную мадэль, паводле слоў біскупа Саронда, адпавядаюць сацыяльнаму навучанню Касцёла. Пантыфік не прымае абагаўлення рынку, які прадэманстраваў, што часта функцыянуе на карысць вузкага кола людзей. Для Святога Айца, ліберальная сістэма “галоўным чынам скіравана на прыбытак”, пры гэтым забываючыся пра чалавечую асобу і супольнае дабро. Такую пазіцыю падзяляюць таксама лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы за 2001 г. і 1972 г. Джозэф Сцігліц і Кенет Эроў, якія з’яўляюцца членамі Папскай Акадэміі сацыяльных навук, падкрэсліў кіраўнік гэтай структуры. Біскуп Саронда заўважыў, што Папа не належыць ні да “левых”, ні да “правых” – ён кіруецца Евангеллем.








All the contents on this site are copyrighted ©.