2015-08-24 13:52:00

Святы Айцец заклікаў вальдэнсаў шчыра шукаць адзінства


Папа заклікае вальдэнсаў шчыра імкнуцца да поўнага адзінства хрысціянаў. Праз кардынала Дзяржсакратара Францішак даслаў тэлеграму ўдзельнікам штогадовага Сінода гэтай Царквы, які праходзіць у гэтыя дні. Вальдэнсы – з’яўляюцца адной з асноўных і гістарычна найважнейшай пратэстанцкай дэнамінацыяй у Італіі.

Іх адносіны з Каталіцкім Касцёлам, таксама і ў апошнія гады былі вельмі складанымі. Вальдэнсы ўяўляюць сабой ультраліберальны напрамак пратэстантызму і адкрыта выступаюць супраць Каталіцкага Касцёла ў самых важных этычных дыскусіях апошніх дзесяцігоддзяў. Яны выказваюцца сярод іншага, за легалізацыю абортаў, эўтаназіі або так званых гомасексуальных саюзаў.

Папа запэўніў вальдэнсаў у сваёй гарачай малітве і запрасіў імкнуцца да поўнага адзінства. Ён таксама нагадаў пра неабходнасць сведчыць пра Езуса Хрыста і Яго Евангелле і заклікаў да супрацоўніцтва на службе чалавецтву, асабліва ў абароне годнасці чалавечай асобы, распаўсюду справядлівасці і міру і выпрацоўкі агульных адказаў на пакуты многіх людзей, асабліва бедных і ўразлівых.

Гэта супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі рэформаў у Касцёле. У 1184 г. папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. Вальдэнсаў пераследавалі і прысуджалі да інквізіцыі.

Большасць вальдэнскіх супольнасцяў яшчэ з XІІ ст. існуе на прыальпійскай тэрыторыі Італіі, Францыі, Швейцарыі і Германіі. У 1532 г. яны прынялі кальвінісцкае вучэнне. У 1979 г. вальдэнсы і метадысты Італіі аб’ядналіся, стварыўшы Вальдэнскую Евангельскую Царкву і Саюз Вальдэнскіх і Метадысцкіх Цэркваў, які ўваходзіць ў Сусветную Раду Цэркваў.

Вальдэнсы – гэта другая па колькасці хрысціянская супольнасць у Італіі, якая налічвае каля 100 тыс. вернікаў.

Трэба нагадаць, што гэта не першае такога роду пасланне Францішка. У 2014 г. ён скіраваў братэрскае прывітанне ўдзельнікам Сіноду вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў Італіі. Тады Папа выказаў удзельнікам асамблеі сваю “духоўную блізкасць” і запэўніў, што просіць Бога “дазволіць усім хрысціянам надалей крочыць па шляху да поўнай еднасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.