2015-08-22 11:13:00

Святы Пасад заклікаў Еўропу вырашыць праблему мігрантаў


Адным з недахопаў чалавека, на жаль, з’яўляецца прывыканне да ўсяго, нават найвялікшых трагедый, адзначыў старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, кардынал Антоніа Марыя Вэльё. На хвалях Ватыканскага радыё ён пракаментаваў абвешчаную Папам 20 жніўня 2015 г. тэму наступнага Міжнароднага дня мігранта і бежанца: “Мігранты і бежанцы – выклік для нас. Адказ – у Евангеллі міласэрнасці”. Іерарх адзначыў, што нельга прыняць ўсіх, хто прыбывае ў Еўропу, але і не можна адмовіцца ад іх усіх.

“Я не з тых, хто лічыць, што можна прыняць усіх. Гэта рэальная праблема для кожнай краіны. Асцярогі – гэта нешта нармальнае. Кожны з нас жыве сваім уласным жыццём, і калі прыбываюць імігранты, мы адразу думаем пра розныя звязаныя з імі цяжкасці”, - заўважыў італьянскі курыяльны кардынал. Але ён дадаў, што не можна будаваць сцен, “і Касцёл гэтага не хоча”.

Экстрэмальныя рашэнні, такія як блакаванне ўезду ўсім або выдаленне з краіны не апраўданы, лічыць кардынал Вэльё. Касцёл нагадвае, што Езус прысутнічае сярод найбольш пакутуючых і неабароненых. “Вучні Хрыста павінны прапаведваць сярод тых, хто знаходзіцца ў палоне сучасных форм рабства”, - падкрэсліў ён.

Ватыканскі кардынал перакананы ў неабходнасці падрыхтоўкі праграмы дзеянняў. “Не можна казаць, “мы прымем усіх” або “усе прэч”. “Еўропа павінна падумаць, як вырашыць прычыны гэтай з’явы”, - сказаў старшыня Папскай рады. Паводле яго, міграцыю выклікае беднасць, а ў выпадку бежанцаў –  войны, у якіх выкарыстоўваецца зброя, “таму неабходна кантраляваць яе продаж”.

“Мы пратэстуем, калі бежанцы прыбываюць, але зброю прадаюць, як правіла, багатыя краіны. Касцёл не можа тут шмат зрабіць, але павінен абуджаць сумленне адносна гэтых з’яў”, - заўважыў кардынал Вэльё.

Наступны Міжнародны дзень мігранта і бежанца будзе адзначацца 17 студзеня 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.