2015-08-21 17:06:00

Як праходзіць ранішняя Эўхарыстыя ў “доме” Папы?


Кожную раніцу, калі рымскія вулачкі яшчэ пустыя, а фанары яшчэ свецяць, праз браму каля Залі Паўла VI у Ватыкан уваходзіць невялікая група людзей. Сярод іх ёсць важныя мужчыны і жанчыны ў элегантных строях, простыя людзі, сем’і з малымі дзецьмі, біскупы, святары і законніцы. Усе яны накіроўваюцца ў Дом св. Марты – месца дзе пражывае папа Францішак. Яны ідуць сюды, каб прыняць удзел у ранішняй Эўхарыстыі, якую будзе цэлебраваць сам Пантыфік. Сёння разам з імі пройдзем і мы, каб зазірнуць у капліцу папскіх апартаментаў і ўбачыць, што там адбываецца. 

Ранішняя літургія, якую Папа амаль штодзённа цэлебруе ў прысутнасці невялікай групы вернікаў, стала адным з новаўвядзенняў гэтага пантыфікату. Падчас яе Святы Айцец як пробашч звяртаецца да прысутных са сваёй гаміліяй, змест і ўрыўкі якой Ватыканскае радыё мае прывелей перадаваць першым. Так, глыбокія словы Пантыфіка могуць пачуць вернікі ва ўсіх частках свету. 

Канешне, многія б хацелі патрапіць на такую літургію асабіста, але па вядомых прычынах гэта нялёгка, нягледзячы на тое, што Папа вельмі адкрыты чалавек і заўсёды імкнецца выходзіць насустрач людзям. Існуе спецыяльны графік, згодна з якім “у госці” да Святога Айца прыбываюць розныя групы, па 40-50 вернікаў. Першымі з іх былі самыя “незаўважныя” у Ватыкане асобы – садоўнікі і тыя, хто даглядае за чысцінёй на вулачках і плошчах горада-дзяржавы. Затым – супрацоўнікі Кангрэгацый, Папскіх радаў і іншых устаноў. Пантыфік нібыта хацеў асабіста пазнаёміцца з кожным, хто тым ці іншым чынам служыць яму і Касцёлу ў Ватыкане. Зараз у ранішніх св. Імшах з Папам  прымаюць удзел групы вернікаў з рымскіх парафій, бо ён з’яўляецца таксама Біскупам Рыма.

Літургія адбываецца ў капліцы Дома св. Марты – гатэля на тэрыторыі Ватыкана. Як вядома, Святы Айцец адмовіўся ад пражывання у Апостальскім палацы, спасылаючыся на тое, што не пераносіць адзіноты. У Доме св. Марты, на яго думку, існуе больш магчымасцяў, каб сустракацца з людзьмі. “Танней пражываць тут, чым утрымліваць для мяне асабістага псіхіятра”, - пажартаваў Папа аднойчы. 

Дом св. Марты ўяўляе сабой сучасны пяціпавярховы будынак каля базылікі св. Пятра. Ён быў пабудаваны ў 1996 г. па ініцыятыве Яна Паўла ІІ, на месцы хоспіса св. Марты, у якім у часы фашызма і нямецкай акупацыі хавалі многіх палітычных дзеячаў і яўрэяў. У гэтым будынку пражываюць падчас канклава кардыналы. Папа Францішак пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра вырашыў тут і застацца.

Святы Айцец прачынаецца з першымі промнямі сонца. Ён доўга моліцца, чытае літургічныя чытанні на дзень і рыхтуе гамілію. Падрыхтоўцы ранішняга казання Францішак надае вельмі важнае значэнне. Ён перакананы, што добрая гамілія немагчыма без ахвяравання часу на малітву, вывучэнне і разважанне. “Прапаведнік, які не рыхтуецца, з’яўляецца не “духоўнай асобай”, але несумленай і неадказнай”, напісаў ён у адным са сваіх афіцыйных дакументаў – апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” (Радасць Евангелля).   

Падрыхтаваўшы гамілію, Папа накіроўваецца ў капліцу. Звычайна ў гэты момант вернікі ўжо сабраліся тут і чакаюць пачатку літургіі. Святы Айцец праходзіць ў сакрыстыю, каб апрануць літургічную вопратку.

Св. Імша праходзіць у вельмі цёплай, сямейнай атмасферы. У светлай капліцы, пабудаванай у сучасным стылі, прыгожая ілюмінацыя. Папа заўсёды засяроджаны, разважлівы і прамаўляе вельмі спакойна. Ён кажа казанне, у якім дзеліцца сваімі асабістымі думкамі аб веры, адносінах з Богам, прыярытэтах Касцёла і вернікаў, стылі паводзінаў, якога трэба пазбягаць, каб хрысціянскае сведчанне не станавілася марным. Словы ранішніх гамілій Святога Айца з’яўляюцца сапраўдным скарбам. Яны заўсёды простыя, шчырыя і глыбока кранаюць сэрца кожнага, хто іх слухае.

Літургія працягваецца не доўга – каля 50-ці хвілін. Пасля яе заканчэння Папа здымае літургічную вопратку ў сакрыстыі і вяртаецца ў капліцу. Ён сядае сярод вернікаў і некаторы час у цішыні дзякуе Богу за дар Эўхарыстыі. 

Затым Пантыфік выходзіць з капліцы і чакае сваіх гасцей, каб асабіста развітацца з кожным. Тут адбывацца абрад, які ў Італіі называюць “il baciamano” (цалаванне рукі) – ад старажытнай традыцыі цалавання біскупскага пярсцёнка вернікамі. У гэты момант кожны з прысутных мае магчымасць падысці да Святога Айца, коратка расказаць пра сябе, папрасіць аб благаслаўленні і малітве, перадаць яму прывітанне ці падарунак. 

Затым умацаваныя эўхарыстычным пасілкам і словам Папы вернікі разыходзяцца, каб прыступіць да сваіх штодзённых абавязкаў. А момант супольнай малітвы і сустрэчы з Пантыфікам застаецца ў памяці і сэрцы на доўгія гады.








All the contents on this site are copyrighted ©.