2015-08-21 13:28:00

У Ватыкане арганізуюць пешы маршрут да “Святых дзвярэй”


Каб дазволіць вернікам здзейсніць сапраўдную пілігрымку да “Святых дзвярэй” ватыканскай базылікі, Апостальская Сталіца распрацавала спецыяльны пешы маршрут. Ён будзе пачынацца ад рымскага Замку св. Анёла і пралягаць праз віа дэлла Канчыліацыонэ і плошчу св. Пятра, усяго каля кіламетра.

Пра “пілігрымковы шлях” гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Папскай рады па новай евангелізацыі, апублікаваным 21 жніўня 2015 г. Дакумент цалкам прысвечаны арганізацыйным момантам, звязаным з пілігрымаваннем да “Святых дзвярэй” падчас Году Міласэрнасці. Праход праз іх з’яўляецца адным з сімвалічных жэстаў у рамках Юбілею. 

Улічваючы, што чакаецца вялікая колькасць пілігрымаў, Святы Пасад заклікае вернікаў, дыяцэзіі і касцёльныя рухі і арганізацыі загадзя паведамляць аб даце свайго прыбыцця ў Рым і меркаваным часе здзяйснення візіту. Кіраўнікі груп ці прыватныя асобы могуць пераказаць усю гэту інфармацыю арганізацыйнаму камітэту Года Міласэрнасці з дапамогай спецыяльнага раздзелу “Рэгістрацыя пілігрымаў”, на афіцыйным сайце Юбілею www.im.va, які пачне дзейнічаць з кастрычніка 2015 г. У адказ неабходна будзе атрымаць пацвярджэнне прапанаванага часу або просьбу аб яго змене на іншы. Асобы, якія прыбудуць у Рым для наведвання базылікі св. Пятра без папярэдняга ўзгаднення, змогуць зарэгістравацца на месцы – у Цэнтры прыёму пілігрымаў, які адкрыецца побач з Ватыканам, на віа дэлла Канчыліацыонэ, 7 (Via della Conciliazione, 7).








All the contents on this site are copyrighted ©.