2015-08-21 12:39:00

Буйны ватыканскі форум пройдзе ў Асізі


23-27 верасня 2015 г. у рамках ватыканскай ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, мэта якой – у спрыянні дыялогу паміж людзьмі розных поглядаў і веравызнанняў, адбудзецца вялікі форум на тэму “Чалавечнасць. Дыялог паміж веруючымі і няверуючымі”. Месцам правядзення сустрэчы, ужо ў другі раз, быў абраны родны горад св. Францішка – Асізі. Таму гэты этап ініцыятывы Апостальскай Сталіцы атрымаў назву “Падворка Францішка”. У рамках трохдзённага мерапрыемства адбудуцца дыскусіі, канферэнцыі, канцэрты, экскурсіі.

Сярод удзельнікаў: старшыня Папскай рады па культуры, галоўнага арганізатара форуму, кардынал Джанфранка Равазі, сацыёлаг Зыгмунд Баўман, кампазітар Нікола П’ёвані, уладальнік прэміі “Оскар” за музыку да знакамітага фільму Раберта Беніні “Жыццё цудоўнае”, касцёльныя іерархі, буйныя прадпрымальнікі, архітэктары, мастакі, журналісты, пісьменнікі і філосафы. У форуме прыме ўдзел таксама шэраг італьянскіх палітыкаў: Міністр па канстытуцыйных рэформах і сувязях з парламентам Марыя Элена Боскі, Міністр абароны Раберта Піноці, Міністр аховы здароўя Беатрычэ Ларэнцын, Міністр адукацыі, універсітэтаў і навуковых даследванняў Стэфаніі Джаніні.

“Падворак Францішка” будзе прысвечаны клопату аб навакольным асяроддзі і прымеркаваны да ўстанаўленага папам Францішкам Сусветнага дня малітвы за Стварэнне, які будзе адзначацца 1 верасня.

Трансляцыю ўсіх падзей форума будзе ажыцяўляць італьянскае тэлебачанне “RAI”, дзякуючы чаму дыскусіі ў яго рамках зможа ўбачыць вялікая аўдыторыя гледачоў ва ўсім свеце. 








All the contents on this site are copyrighted ©.