2015-08-20 15:39:00

Чвэрць мільёна асоб ужо зарэгістраваліся на СДМ-2016


Да ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Кракаве ўжо зарэгістравалася 1021 так званая макрагрупа – гэта больш за 230 тыс. пілігрымаў. Палова з іх – палякі, падзяліўся інфармацыяй кс. Анджэй Волпюк, каардынатар секцыі рэгістрацыі Аргкамітэту моладзевага форуму, які пройдзе ў 2016 годзе ў Кракаве. Рэгістрацыя на Сусветныя дні была распачата 26 ліпеня 2015 г., і менш чым за месяц амаль чвэрць мільёна ўдзельнікаў – гэта добры вынік, лічыць святар. 

Як паінфармаваў Арганізацыйны камітэт СДМ-2016, самая вялікая колькасць замежных пілігрымаў зарэгістравалася з Італіі – больш за 23 тыс. Ужо выказала жаданне прыехаць на форум 11 тыс. чалавек з Францыі, 6 тыс. з ЗША. Таксама шмат маладых людзей хочуць паўдзельнічаць у форуме з Іспаніі, Германіі, Аўстрыі, Бразіліі, Аргентыны і Канады.

Адазваліся і пілігрымы з больш экзатычных куткоў зямнога шару. Кс. Волпюк прызнаўся, што часам арганізатары ўпершыню чуюць назвы некаторых краін і нават правяраюць іх месцазнаходжанне. Гаворка ідзе, напрыклад, пра Вануату ў Акіяніі, Бурундзі, Астравы Кука, Каба-Вэрдэ.

Шмат маладых пілігрымаў прыедуць у Польшчу з Афрыкі – з Габона, Нігерыі і Чаду. Вялікая група зарэгістравалася таксама з Азіі, у прыватнасці, з Інданэзіі, Малайзіі, Іарданіі, а таксама з Цэнтральнай Амерыкі – Гандурасу, Гаіці, Гватэмалы. Большасць зарэгістраваных груп, якія заявілі аб сваім прыбыцці, паходзяць з Бразіліі – 124, і Злучаных Штатаў Амерыкі – 104.

“Колькасць заяўленых яшчэ можа змяніцца. Гэта толькі пачатак рэгістрацыі, таму мы спадзяемся, што гэтыя лічбы будуць расці”, - сказаў кс. Волпюк. 

Інфармацыю аб рэгістрацыі на Сусветных днях моладзі 2016 года можна знайсці ў раздзеле “Рэгістрацыя” на вэб-старонцы www.krakow2016.com. Дарэчы, дзейнічаюць украінская і руская версіі сайту.








All the contents on this site are copyrighted ©.