2015-08-20 14:02:00

Папа абраў тэму наступнага Дня мігранта і бежанца


“Мігранты і бежанцы – выклік для нас. Адказ – у Евангеллі міласэрнасці”, - такую тэму папа Францішак выбраў для настунага Міжнароднага дня мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 17 студзеня 2016 г. 

У спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы адзначаецца, што тэма падкрэслівае два аспекты. Яе першая частка: “Мігранты і бежанцы – выклік для нас”, нагадвае аб драматычнай сітуацыі шматлікіх людзей, вымушаных пакідаць родную зямлю. Гэта падкрэсліваецца ў словах булы “Misericordiae Vultus”, якой папа Францішак абвясціў у Каталіцкім Касцёле Год Божай Міласэрнасці: “Не будзем упадаць у абыякавасць, якая прыніжае, у прызвычаенасць, якая робіць неадчувальнай душу і перашкаджае адкрыць навізну, у цынізм, які разбурае. Адкрыем нашы вочы, каб паглядзець на беднасць свету, раны шматлікіх братоў і сясцёр, пазбаўленых годнасці, і адчуем сябе запрошанымі прыслухацца да іх воклічу аб дапамозе (...). Няхай іх крык стане блізкім для нас, і тады мы разам зможам разбіць бар’еры часта пануючай абыякавасці, якая хавае ў сабе крывадушнасць і эгаізм”, - гаворыцца ў папскім дакуменце, які цытуе Зала Друку.

Другая частка тэмы Міжнароднага дня мігранта і бежанца – “Адказ – у Евангеллі міласэрнасці”, жадае спалучыць феномен міграцыі з адказам на яго з боку свету і Касцёла. У гэтым кантэксце Святы Айцец запрашае хрысціян паразважаць падчас Юбілейнага году аб справах матэрыяльнай і духоўнай міласэрнасці, што звязана таксама з прыняццем чужынцаў.

Апостальская Сталіца заклікала адзначыць Міжнародны дзень мігранта і бежанца ва ўсіх мясцовых Касцёлах праз адпаведныя ініцыятывы, узмацненне ўвагі да ўзгаданага феномену і канкрэтную дапамогу патрабуючым.








All the contents on this site are copyrighted ©.